Нам нужна ваша помощь

Прочитайте наше обращение. Вы важнее, чем думаете.

Просмотреть
Скрыть
1863x

История, История Беларуси

500-годдзе беларускай Бібліі. Свята, якое нельга ігнараваць

1863x, 24 July

6 жніўня 1517-га года ўраджэнец Полацку Францыск Скарына зрабіў тое, што цяпер назвалі б «неверагодным тэхналагічным стартапам». Ён пачаў друкаваць кнігі Бібліі на зразумелай старабеларускай мове, робячы адначасова культурную, інфармацыйную і духоўную рэвалюцыю. Каб зразумець подзвіг і наватарства Францыска, трэба хоць бы трохі паглыбіцца ў тую эпоху.

ПЕРАДГІСТОРЫЯ

У момант, калі Францыск зʼявіўся ў гэтым свеце, свет актыўна чакаў апакаліпсісу. У 1492-ім годзе па пэўных разліках багасловаў павінен быў наступіць Канец Свету. Ды і ўсё XV-е стагоддзе ў Еўропе адзначанае значным маральным падзеннем. «Эпоха Адраджэння» прыносіць не толькі наватарства ў галіне жывапісу і скульптуры, але і адыход ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Карупцыя, распуста, здрада, хлусня актыўна распаўсюджваюцца як у грамадстве, так і ў каталіцкай царкве. Мода на раскошны лад жыцця і прага асалоды становяцца галоўным трэндам на цэлае стагоддзе. Царква замест маральнага супрацьстаяння сама ледзь не ўзначальвае працэс разлажэння, імкнучыся ў першую чаргу зарабляць грошы і пашыраць свае ўладанні. Гандаль індульгенцыямі, купля чыноў у царкоўнай іерархіі, паборы і хцівасць дасталі ўсіх.

Будаўніцтва раскошнага сабора Святога Пятра толькі падсцёбнула абарот індульгенцыяў

У той час нават большасць шляхты была слаба знаёмая з тэкстам Бібліі, што ўжо казаць пра непісьменных сялян і асноўную масу гарадскога насельніцтва. Выклікана гэта было ў тым ліку вытворчымі асаблівасцямі, так як Біблія капіявалася метадам ручнога перапісвання, што займала шмат-шмат год. Захавалася перапіска паміж пісарам вялікага князя літоўскага Якубам і маскоўскім дойлідам Ярмолічам, якія жылі напрыканцы XV стагоддзя. Якуб прасіў свайго маскоўскага прыяцеля прыдбаць для яго Пасланьні апостала Паўла, той адказаў, што патрэбных кнігаў купіць гатовымі ён ня змог, і абяцаў замовіць іх у «дабрапісцаў». Калі нават вялікакняскі пісар адчуваў дэфіцыт кнігаў і шукаў іх за мяжой, то набыць Біблію шляхцічу ці гараджаніну было яшчэ цяжэй. Сучаснік Скарыны, каталіцкі кардынал Гозі, аднойчы сказаў: «Дазволіць народу чытаць Біблію – значыць даваць святыню сабакам і кідаць пэрлы перад свіннямі». Але тэхналогіі прыйшлі на дапамогу…

ДРУК

У 1453 годзе прадпрымальны немец Ёган Гутэнберг першым у Еўропе запусціў працэс кнігадрукавання, пачаўшы выдаваць Бібліі. Паступова яго навык і вопыт спыніў быць таямніцай і стаў пераймацца іншымі майстрамі. Аднак ім тут жа быў аказаны супраціў з боку кнігаперапісчыкаў і кніжных прадаўцоў, таму як яны баяліся канкурэнцыі. Кнігадрукары былі самымі перадавымі наватарамі таго часу, якія значна спрашчалі доступ да атрымання інфармацыі. Да прыкладу, за 2 з паловай гады працы скарынаўскай друкарні ў Празе выйшла звыш за 10 тысячаў кніг. Такую бібліятэку не змаглі б адолець 100 перапісчыкаў і за 10 гадоў. Гэта як Dial-up і сучасны шырокапалосны інтэрнэт у сотні мегабіт.

Дзякуючы Скарыну мы сталі першымі ва Усходняй Еўропе і другімі сярод славянскіх народаў (пасля Чэхіі), хто далучыўся да сусветнай інфармацыйнай рэвалюцыі.

ДУХОЎНАЕ НАВАТАРСТВА

Але распаўсюджванне Бібліі мела куды больш шырокія наступствы, чым проста развіццё кнігадрукавання. На той час Скарына быў не толькі тэхналагічным стартаперам, але і хрысціянскім. Бо ў тым жа годзе, праз 2 месяцы пасля пачатку дзейнасці палачаніна 31 кастрычніка 1517-га года Марцін Лютар прыбʼе да Замкавай царквы гораду Вітэнбергу свае 95 тэзісаў, якія сталі пачаткам Рэфармацыі. А таксама ў корані змянілі сусветную гісторыю.

Скарыну наўрад ці можна аднесці да класічных каталікоў ці праваслаўных. Палачанін сцвярджаў неабходнасць асабістых адносінаў чалавека з Богам, адмаўляў патрэбу ў «пасярэдніках» паміж Словам Божым і вернікам, акцэнтаваў увагу на вывучэнні Бібліі і неабходнасці жыць згодна са Словам Божым, понеже не толіко докторове і люді вченыі в ніх разумеють, но всякій человек простый і посполітыйчтучы іх ілі слухаючыможеть поразуметі, что ест потребно к душному спасенію его“.

Нягледзячы на ​​стрыманую, а часта і адкрыта варожую пазыцыю праваслаўнага духавенства, пераклады Скарыны шырока разышліся па ўсяму Вялікаму Княству, даючы магчымасць сотням і тысячам ліцвінаў зразумець Слова Божае. Скарына сваёю дзейнасцю падрыхтаваў змены ў свядомасці і характары мыслення сваіх суайчыннікаў, заклаў асновы ўздыму Рэфармацыі на Беларусі ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Праз сто гадоў уніяцкі архімандрыт Сялява, звяртаючыся да праваслаўных, пісаў літаральна наступнае: «Перад уніяй (Берасцейскай 1596 г.) быў Скарына, ерэтык гусіт, для вас друкаваў у Празе кнігі па-руску». Дарэчы, гэта адзіная ўзгадка ў дакумантах той эпохі пра веравызнанне Скарыны.

ГРАМАДСКІ ЎЗДЫМ

Пасля дзейнасці Скарыны друкарні сталі адчыняцца па ўсёй тэрыторыі ВКЛ: Брэст (Мікалай Радзівіл Чорны), Нясвіж (Сымон Будны), Вільня, Лоск, Бялынічы, Любча, Ашмяны. Імкненне вывучыць Біблію падсцёбвала людзей да атрымання адукацыі, пашырэння пісьменнасці, спрыяла развіццю тэхналогіяў, перагляду нормаў права. Усё XVI-ае стагоддзе працятае актыўным заканатворчым і палітычна бурлівым жыццём. Выдаюцца Статуты ВКЛ, прымаецца першы ў свеце закон аб роўнасці веры, зʼяўляюцца «Генрыхавы артыкулы». Наша Радзіма па ўзроўні свабоды і прагрэсу абыходзіць большасць краін Еўропы, дзе палалі жорсткія паміж канфесійныя войны і звады.

Статут ВКЛ

Так што 500-годдзе беларускай Бібліі, якое Беларусь адзначае ў гэтым годзе 6 жніўня, гэта куды больш, чым проста дата, звязаная з кнігадрукаваннем. Спадзяемся, што ў Беларусі будучыні гэта дата стане нацыянальным святам.

  • grmaster

    Дзякуй за артыкул.

    • 1863x

      Your Welcome.

  • 6 жніўня – гэта проста сама па сабе такая дата, ці 6 жніўня будзе прахадзіць дзень пісьменства ў Полацку ?? нешта я нідзе ніякай дакладнай інфы не магу знайсьці.