Нам нужна ваша помощь

Прочитайте наше обращение. Вы важнее, чем думаете.

Просмотреть
Скрыть
1863x

Общество

Поле бойкі – Менск. Разглядаем асноўныя канфліктныя забудовы ў сталіцы!

1863x, 16 July

У 2008 годзе рэдакцыя прыехала на машыне з усімі рэчамі ў Менск вучыцца і жыць. Заязджаючы ў сталіцу з боку Каменнай горкі, рэдакцыя вызначыла сваё першае ўражанне ад горада: “Менск будуецца!” Нас сустракалі катлаваны, горы пяску і велізарная колькасць пад’ёмных кранаў. Цяпер, праз 8 гадоў, пад’ёмныя краны працуюць не толькі на Каменнай горцы, але і па ўсім Менску і ў яго наваколлі …

Шматлкія праблемы рэгіёнаў (пра якія не думаюць менчукі і якімі не займаюцца ўлады), а збольшага адсутнасць працы, гоняць беларусаў з усёй краіны ў сталіцу. Менск вымушаны пашырацца, каб змясціць усіх жадаючых. Таму згодна з генпланам на бліжэйшыя гады будзе ўзяты курс на ўшчыльненне жылфонду ў адміністрацыйных межах Менска. Гэта значыць, што старыя раёны з малапавярховай забудовай, а таксама прыватны сектар будуць зносіцца, а на іх месцы будуць пабудаваныя шматпавярховікі, здольныя змясціць большую колькасць людзей. Увесь Менск ператворыцца ў суцэльную Каменную горку.

Фота Максіма Міровіча

Карэнныя жыхары старых раёнаў і проста неабыякавыя менчукі бачаць у гэтых пабудовах гісторыка-культурную каштоўнасць і турыстычны патэнцыял. Сапраўды, некаторыя раёны маюць сваю асаблівую непаўторную атмасферу і робяць Менск унікальным, не падобным да іншых сталіц свету.

Мы сабралі для вас інфармацыю пра старыя раёны, якія ідуць пад бульдозер проста зараз.

АСМАЛОЎКА

Дзе знаходзіцца: раён Опернага тэатра. Вуліцы Багдановіча – Кісялёва – Куйбышава – Камуністычная.

Раён быў пабудаваны ў першыя пасляваенныя гады па праекце архітэктара Міхаіла Асмалоўскага. Лічыўся элітным мікрараёнам Менска. У гэтых дамах кватэры атрымоўвалі спачатку афіцэры, прафесары і працаўнікі міністэрстваў, а потым акцёры, мастакі і чыноўнікі.

Сёння гэта ціхі, не падобны да ўсяго, што навокал, раён у самым цэнтры Менска. У ім быццам цячэ зусім іншае жыццё. Вядома, дамы патрабуюць капітальнага рамонту, у прыватнасці, замены труб. Шматгадовыя пераводы жыхароў на капрамонт, па ідэі, павінны пакрываць гэтыя выдаткі. Аднак капрамонт не робіцца, бо ўжо шмат гадоў запар Асмалоўку “вось-вось знясуць“. Адначасова з гэтым Мінкульт разглядае пытанне аб наданні раёну статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Калі гэта адбудзецца, Асмалоўку ўжо сапраўды знесці не атрымаецца. Аднак на сённяшні момант пытанне аб статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці не вырашана, капрамонт не робіцца з-за хуткага зносу, ды інвестар для новага будаўніцтва на гэтым месцы не знойдзены. Жыхары раёна пратэстуюць супраць зносу сваіх дамоў. Пад петыцыяй за захаванне зялёнага астраўка ў цэнтры Менска сабрана больш за 7К подпісаў. Зараз петыцыя знаходзіцца на разглядзе ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна і Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Петыцыя за захаванне Асмалоўкі

ТРАКТАРАЗАВОДСКІ ПАСЁЛАК

Дзе знаходзіцца: Партызанскі раён Менска, каля МТЗ, уключае вуліцу Кашавога, вул. і зав. Будзёнага, вул. Стаханаўскую, вул. Грыцаўца, вул. і зав. Клумава, вул. Чабатарова, вул. і зав. Шчарбакова, вул. Даўгабродскую, вул. Ванеева, Партызанскі праспект, бульвар Трактарабудаўнікоў.

Трактаргорад пачаў будавацца яшчэ ў 1944 годзе, літаральна адразу пасля вайны, але яго будаўніцтва расцягнулася да пачатку 50-ых гадоў. Гэта павінен быў быць мікрараён для работнiкаў i абслуговага персаналу МТЗ. Пасёлак будаваўся па плане Сацгарадка, забяспечанага ўсёй інфраструктурай. Увогуле, пасёлак уяўляе сабой закончаны архітэктурны ансамбль, трохі асіметрычны, але затое не манатонны, які носіць элементы архітэктуры класіцызму. Двух- трох- і пяціпавярховыя дамы, крамы, дзіцячыя садкі, школа, Дамы культуры – Трактарны пасёлак мог бы лічыцца ўзорам сацыялістычнай архітэктуры 40-50 гадоў.

Аднак яшчэ ў далёкім 2007 годзе быў прыняты план дэталёвага планавання вуліц Клумава, Кашавога і Шчарбакова, згодна з якім неабходна знесці ў Трактаргорадзе 45 двухпавярховых дамоў, а на іх месцы пабудаваць пяці-і сяміпавярховікі. Пры гэтым архітэктары абяцаюць, што новыя пабудовы на месцы знесеных двухпавярховікаў будуць упісаныя ва ўжо існуючы ансамбль і ніяк не парушаць архітэктурнага адзінства забудовы. Верыцца ў гэта з цяжкасцю. Аднак праект ужо пачаў рэалізоўвацца, і на дадзены момант знесена 10 дамоў. Жыхары раёна і неабыякавыя менчукі стварылі петыцыю з просьбай перагледзець пастанову аб зносе двухпавярховікаў. Вось у прыватнасці ўрывак з тэксту петыцыі: “пасёлак Трактарнага завода […] з’яўляецца ўнікальным узорам савецкага прадуманага горадабудаўнічага падыходу, сімвалізуе клопат дзяржавы аб працаўніках завода. Усе збудаванні пасёлка ў комплексе – дбайна складзены ансамбль, у якім выверана ўсё, ад упрыгожанняў дамоў да павярховасці кожнага з будынкаў, што стварае ўтульныя, чалавека-арыентаваныя ўмовы для пражывання.

Сучасныя праекты перабудовы раёна […] пагражаюць цалкам знішчыць задуму савецкіх архітэктараў…”

Петыцыя ўжо была разгледзеная ў адміністрацыі Партызанскага раёна, было адмоўлена пераглядзець пастанову аб зносе.

Петыцыя за захаванне Трактаргорада

РОЗАЧКА

Дзе знаходзіцца: вул. Розы Люксембург – пр. Жукава – вул. Харкаўская – чыгунка

Сітуацыя з рэканструкцыяй Розачкі чымсьці нагадвае сітуацыю з Асмалоўкой. За выключэннем таго, што не падымаецца пытанне аб наданні раёну статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тут ідуць пад знос малапавярховыя будынкі і прыватныя дамы, а на іх месцы плануюцца шматпавярховікі, паркоўка, школа, адміністрацыйна-дзелавыя комплексы. У выніку рэканструкцыі плошча жылфонду павялічыцца на 252 тыс. кв. м. Жыхары раёна супраць зносу іх жытла, галоўным чынам таму, што ім ніхто не гарантуе кампенсацыі за жытло і што яны вярнуцца жыць у новыя кватэры, пабудаваныя на месцы старых дамоў. Усё таму што на новую забудову ўсё яшчэ не знойдзены інвестар, які і павінен гарантаваць кампенсацыі жыхарам. Як і ў сітуацыі з Асмалоўкай, пастанова аб зносе ўжо ёсць, інвестара на новае будаўніцтва няма, упэўненасці ў жыхароў раёна таксама няма. Петыцыя за перагляд ПДП раёна Розачка ўжо знаходзіцца ў адміністрацыі Маскоўскага раёна і Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Петыцыя за захаванне «Розачкі»

ЎСХОД-2

Дзе знаходзіцца: вул. Каліноўскага

Па вуліцы Каліноўскага Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва не знайшоў чаго-небудзь, каб знесці, затое выявіў празмерную колькасць паркаў, дрэў і ўвогуле зеляніны. Жыхары раёна Усход-2 катэгарычна супраць ушчыльнення забудовы за кошт вырубкі зялёных зон. Менск і так ужо даўно страціў сваё званне “зялёнага горада”. Петыцыя аб захаванні зялёных насаджэнняў у мікрараёне Усход-2 знаходзіцца на разглядзе ў Менгарвыканкаме і Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Петыцыя за захаванне паркаў раёна Усход-2

БАРАЎЛЯНЫ

Дзе знаходзіцца: 7-10 км ад Менска па Лагойскай шашы

У вёсцы Бараўляны і пасёлку Лясны знаходзіцца шмат устаноў аховы здароўя: менская цэнтральная раённая бальніца, дзіцячая абласная клінічная бальніца, шпіталь ветэранаў ВАВ, беларускі дзіцячы хоспіс. Бараўляны і Лясны заўсёды лічыліся экалагічнай рэабілітацыйнай зонай з-за аддаленасці ад горада і з-за таго, што тут знаходзіцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік Прылепскі – сасновы бор, які насычае кіслародам паветра.

Сёння ж у выніку хітрых маніпуляцый з генпланам (пастаянныя выпраўленні, што ўносяцца ў генплан) у Бараўлянах знішчаецца лес пад будаўніцтва шматпавярховікаў. Таксама ёсць праблемы з парушэннем права на прыватную ўласнасць, бо, згодна з генпланам, шырокапалосная аўтамагістраль павінна праходзіць наўпрост па тэрыторыі прыватных участкаў з дамамі. Жыхары Бараўлянаў актыўна супрацьстаяць адміністрацыі, літаральна фізічна спрабуюць перашкодзіць высякаць лес. Таксама ажно дзве петыцыі па Бараўлянах былі разасланыя ў Менаблвыканкам, Менскі райвыканкам і Генеральную пракуратуру РБ.

Петыцыя супраць вырубкі лясоў і Петыцыя супраць ператварэння Бараўлянаў у горад

ВЫНІКІ

Такім чынам, у сучаснай забудове Менска шмат у чым адбываецца нейкі капец. Наверсе спрабуюць выканаць задачу па павелічэнні жылплошчы любымі спосабамі. Пры планаванні забудовы зусім не ўлічваецца чалавечы фактар, зручнасць і камфорт жыцця не стяць у прыярытэце пры распрацоўцы ПДП. Застаецца адкрытым і незразумелым пытанне з выплатамі і кампенсацыямі жыхарам, чые дамы ідуць пад знос. Лічбы і выкананне плана па-ранейшаму важнешыя за рэальных людзей. Усё гэта – спадчына саўка і саўковыя метады. А чыноўнікі тым часам набываюць сабе зямлю ў Драздах і зусім не маюць намеру жыць у гэтых “мурашніках”, якія панабудоўвалі для горада.

І гэта толькі ўсё ў Менску. Падобныя прыклады можна знайсці ў кожным буйным беларускім горадзе. Калі б беларусы выбіралі сабе мэраў, усё было б інакш.