1863x

Общество, Проблемы

Дэкрыміналізуй гэта!

1863x, 13 June

У начных паездках на цягніку заўсёды ёсць нешта рамантычнае. Пра гэта не пісаў хіба што лянівы. Не паверыце, але і ў начным этапе таксама ёсць сваё адмысловае хараство.

У ноч з 31-га траўня на 1-е чэрвеня 2016 года я ехаў з Віцебскага СІЗА ў Менск. Ехаў з камфортам, таму як у закрытым кратамі купэ было ўсяго толькі два чалавекі – я і мужык з ЛПП, якога так і не зразумеў, за што судзяць. Мужык апынуўся добрым, бізнэсмэнам па ўнутраным пакліканні і вось ужо другую гадзіну захоплена распавядаў, як спрабаваў у Беларусі адкрыць вытворчасць якасных макаронаў з казахстанскай пшаніцы. І вось так займальна бавячы час, мы падʼехалі да славутага гораду Жодзіна.

Прыкладна так выглядае вагон для перавозкі зняволеных.

І тут уся рамантыка знікла. У Жодзіне арыштанцкі цягнік чакаў папаўнення. Ахоўнік з Унутраных Войскаў адкрыў краты, і ў нашае ўтульнае вольнае купэ сталі ўлятаць адзін за адным нейкія малалеткі. У выніку ўжо праз хвіліну да нас дадалося 15 чалавек са сваімі вялізнымі торбамі. Паварушыцца практычна не які. І ў такім стане нам давялося ехаць да Менска.

Углядаючыся ў твары новых спадарожнікаў, рэдакцыя адразу адзначыла іх дзікую маладосць. Часам узнікалі сумневы ў паўналецці таго ці іншага хлопца. Ад няма чаго рабіць рэдакцыя стала развязваць языкі маладым людзям, і ў выніку сітуацыя прасвятлілася.

Усе гэтыя маладыя хлопцы ва ўзросце 18-19 гадоў затрыманыя за марыхуану. І большасці пагражала ад 8 да 15 гадоў.

У кагосьці тунэлі ў вушах, у кагосьці татуіроўкі музычных гуртоў. На першы погляд звычайная сучасная моладзь. Але іх жыццё з гэтага часу афіцыйна зламанае.

КРЫМІНАЛКА

Справа гурта Botanic Project нядаўна масава асвятлялася ў СМІ. Салісту групы прысудзілі вялікі тэрмін за каноплі.

Марыхуана ў нашай краіне лічыцца такім жа наркатычным рэчывам, як спайс або гераін. І садзяць за яе так жа сама. А ўлічваючы, што адмашку на барацьбу з наркаманіяй далі з самага верху, то натуральна, што сілавікі спрабуюць зарабіць на гэтым пабольш свежанькіх зорачак.

Ведаю, што шмат каму складана будзе ў гэта паверыць, але ці ледзь не кожны затрыманы за марыхуану праходзіць па трэцяй частцы крымінальнага артыкула 328 – гандаль і збыт. Як гэта выглядае?

Умоўна ўявім, што мы з вамі сабраліся на вечарыну. Я дастаю «вушак» і як скнара раскурваю яго адзін. Калі ў гэты момант на нашую вечарыну заляціць «Алмаз», то я пайду па першай частцы артыкула КК РБ 328 – да 5 гадоў турмы. Калі ж я каго-небудзь з вас пачастую, і пры допыце вы раскажыце пра гэта, то мне ўжо інкрымінуюць распаўсюджванне і я паеду весела бавіць час ад 8 да 15 гадоў. Нявінны гасцінны рух рукой – і 8 гадоў зоны мінімум. Запомніце гэта.

Менавіта па такой схеме траплялі ў турэмныя сутарэнні мае спадарожнікі па этапе.

НЕБЯСПЕКА?

Самае цікавае, што я гутарыў у турмах з не адной сотняй чалавек і не пачуў аніводнага аповеду, каб марыхуана стала падставай да злачынства. Большасць «прыгод», якія скончыліся ў турме, пачыналіся з зусім іншых рэчываў: «Ну, я, карацей, выпіў і…»

Усе дробныя крадзяжы, бойкі, хуліганства, аўтамабільныя аварыі, рабаванні і вельмі-вельмі часта забойствы здзяйсняюцца ў стане алкагольнага апʼянення. Вось стаіць перад табой у камеры нармальны мужык і распавядае, як збіваў жанчыну на вуліцы, каб адабраць торбачку. І калі пытаеш: «А на фіга?», то амаль у 100% выпадкаў можна пачуць універсальны адказ: «Дык я пʼяны быў».

І ў справах тых, каго прысуджаюць да расстрэлу, вельмі часта можна знайсці выпадкі забойстваў на фоне нямеранай колькасці выжратага алкаголю. Але я не пачуў аніводнай гісторыі, ні аднаго сведчання пра тое, каб хтосьці пакурыў травы і пайшоў рэзаць на вуліцу людзей ці каго-небудзь рабаваць.

НАРКОТЫКІ ЗЛО

Тым не менш, спайс, солі, гераін, макавыя бубкі і іншыя рэчывы зʼяўляюцца канкрэтным злом. Вам не перадаць усіх гэтых аповедаў і гутарак наркаманаў пра кайф, прыходы і гэтак далей. Вось сядзіць чалавек, яму свеціць 15 гадоў, а ён разважае, як выйдзе і адразу чаго-небудзь ужыве. Некаторыя нават у СІЗА прымудраліся з запальніц газ удыхаць, каб «лёгкія слегонца памарозіць». Або вось хлопец распавядае, як пасля сінтэтычных наркотыкаў правёў 5 дзён без сну і ўсвядоміў сябе толькі ўжо на бальнічным ложку.

Насцярожвае тое, што ў турмах у асноўным бачыш дробных спажыўцоў, якім прышываюць усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі «гандаль». Аднак у размовах часта вымаўляюцца імёны адных і тых жа наркагандляроў. Гэта значыць купляе чалавек праз інтэрнэт шляхам закладкі тавар, а яго тут жа бяруць. А той, хто прадаваў, – на волі. Вельмі дзіўная сітуацыя. Канспіралагічная версія ў спажыўцоў адна: самі органы наркакантролю альбо крышуюць, альбо правакуюць людзей на куплю наркотыкаў. Не ведаем, праўда ці не, але і ў адвакацкім асяроддзі ходзяць дакладна такія ж чуткі.

ТАК ШТО РАБІЦЬ?

Марыхуану, менавіта марыхуану трэба дэкрыміналізаваць. Рэдакцыя ў жыцці не паліла нават звычайных цыгарэт, ні разу не каштавала ніякіх рэчываў, прынцыпова не ўжывае алкаголь. Але нават нам відавочна, што за каннабіодныя рэчывы саджаць нельга. Шматлікія даследаванні кажуць пра тое, што алкаголь значна небяспечнейшы за «траву». Выпіць гарэлкі куды больш небяспечна, чым дунуць «вушак». Але за кошт першага дзяржава папаўняе бюджэт, а пад выбары нават зніжае цэны на алкаголь. А за другое, з чаго нельга займець прафіт, саджае вас на дзікія тэрміны і ламае жыцця тысячам маладых людзей.

Справядлівасць павінна быць праўдзівай. Альбо да абкуранага чалавека трэба ставіцца так жа, як да пʼянага. Або ўводзіць сухі закон.

  • PestControl

    никогда не курите в Беларуси – это лохотрон
    онли ин Ивроп – онли свобода
    https://www.youtube.com/watch?v=BbxNcTJsR6M

  • Александр Кирсанов

    Всё верно.
    Я уже не раз писал на тему легализации наркотиков. Ничего кроме осуждения я не получил. Повесить, посадить, расстрелять – вот всё что мне сказали по этому поводу.
    Люди не хотят думать.

  • Vitali

    да, увы, печально (
    Дружески поделился и держи в “плечи” 8 на старте за распространение …