86 гадоў таму ў Барысаве нельга было спакойна прайсціся па горадзе. Каля кожнай хлебнай крамы стаялі патрулі, вуліцы масава патрулявалі чэкісты і міліцыя. Хваляванні ахапілі нават мясцовых вайскоўцаў, якія былі вельмі незадаволеныя паводзінамі Саветаў. А прычынай таму стаўся масавы голад, які прымусіў барысаўчан выйсці на вуліцы.
Перадгісторыя.
Ваенныя катаклізмы пачатку 20 стагоддзя давялі Беларусь да бядоты і галечы. Усяго толькі за 5 гадоў з 1916 па 1921 гады наша краіна паспела стаць полем бітвы для рускіх, немцаў і палякаў. Вайна суправаджалася масавай прымусовай мабілізацыяй насельніцтва, рабаваннямі і знішчэннем вёсак і гарадоў, а таксама цэлымі патокамі бежанцаў, якія кідалі свае дамы і ўцякалі ў Расею падалей ад лініі фронту.
У самой Расеі эканамічная сітуацыя была ня лепш. Грамадзянская вайна 1918 – 1921 гадоў і палітыка «ваеннага камунізму» прывялі да масавага голаду, які, ўвогуле, доўжыўся з 1920 па 1923 год (пікавыя гады 1921-1922) і забраў каля 5 млн жыццяў.
Каб хоць неяк выправіць сітуацыю, у 1921-м бальшавікі, канчаткова умацаваўшыся ва ўладзе ў Расіі, вырашылі ўвесці НЭП, новую эканамічную палітыку. НЭП ня быў чымсьці інавацыйным або прагрэсіўным, «навізна» гэтай палітыкі складалася ў тым, каб дазволіць сялянам апрацоўваць зямлю, выкарыстоўваць наёмную працу і прадаваць лішкі прадуктаў. Зразумела, увесь гэты буржуазны капіталізм разглядаўся Сталіным ўсяго толькі як часовая мера. За 8 гадоў эканамічнае становішча ў вёсцы і горадзе выраўнялася, і савецкія ўлады вырашылі вярнуцца на шлях пабудовы камунізму.
З 1929-га года пачалася палітыка індустрыялізацыі і калектывізацыі – у гарадах сталі будаваць буйныя прадпрыемствы цяжкай прамысловасці, а сялян сілком зганяць у калгасы, дзе яны нічога не атрымлівалі за сваю працу. Пры гэтым збожжа з калгасаў адбіралася і адпраўлялася на экспарт, атрыманыя грошы траціліся на набыццё тэхналогій, спецыялістаў і цэлых заводаў у краін Захаду і ЗША – менавіта так рабілася знакамітая сталінская індустрыялізацыя. У 1931 годзе за мяжу была прададзена рэкордная колькасць збожжа – больш за 50 млн цэнтнераў. Пры тым, што ў самым СССР пачаўся масавы голад.

Забіраючы ўвесь хлеб пад чыстую, улады выракалі сялян на галодную смерць. Людзі як маглі хавалі зерне, але гэта не дапамагала. На фота працаўнікі АДПУ дастаюць з ямы схаванае зерне, 1932 год.
Нядзіўна, што такая эканамічная палітыка маментальна адбілася на дабрабыце людзей. Ужо ў 1929 годзе ў СССР вяртаецца харчовы крызіс. Зноў ўводзяцца карткі на куплю хлеба, мяса, цукру, крупы, масла, рыбы – асноўныя прадукты харчавання было наўпрост не дастаць у краме. Да таго ж нормы спажывання па гэтых картках былі строга абмежаваныя і пастаянна скарачаліся. У 1932-1933 годзе па ўсім СССР пачаўся страшны масавы голад. Ва Украіне голад 1932-1933 гадоў атрымаў назву Галадамор і ў 2006 годзе быў прызнаны актам генацыду ўкраінскага народа.
Барысаўскі хлебны бунт
Масавы голад 1932-1933 гадоў закрануў таксама Беларусь. Дадзеная тэма ў нашай гісторыі да гэтага часу замоўчваецца і мала даследуецца. Не ўсе архівы, якія тычацца 30-х гадоў, рассакрэчаныя, а шмат якія проста згубленыя. Адзін з эпізодаў, які сведчыць пра голад у Беларусі, устаноўлены больш-менш дакладна. Гэта падзеі 7-9 красавіка 1932 года ў Барысаве, якія атрымалі назву Барысаўскі галодны бунт.
Стыхійны выступ барысаўчан пачаўся з-за чарговага скарачэння нормы выдачы хлеба і, галоўным чынам, яшчэ таму што з дзяржаўнага забеспячэння знялі дзяцей. У 1932 годзе працоўныя ў сярэднім атрымлівалі ў дзень ад 300 да 600 грам хлеба, а іх жонкі 200-300 грам. Мяса было яшчэ менш – ад 0, 4 кг да 2 кг на месяц, прычым выдавалася яно толькі рабочым, іх жонкам і дзецям мяса не прызначалася наогул. І вось уявіце, што 25 сакавіка кампартыя Беларусі прымае рашэнне дадаткова зрэзаць нормы выдачы прадуктаў, зняць з забеспячэння прыкладна 140 тыс чалавек і галоўнае – дзяцей. Зараз дзеці не атрымлівалі не толькі мяса, але і хлеба. Ежы не хапала, затое ў газетах і на партсходах рапартавалі аб поспехах савецкай эканомікі.
Загад аб скарачэнні харчовых нормаў прыйшоў у Барысаў 4 красавіка. Мясцовая ўлада даручыла правесці агітацыйна-тлумачальную працу на заводах і аб’явіць пра зніжэнне нормы выдачы хлеба. Па новых скарочаных стандартах ежу збіраліся адпускаць з 6 красавіка.
Ніхто не чакаў, што 7 красавіка ў Барысаве пачнецца сапраўдны хлебны бунт. Натоўп, які складаўся ў асноўным з жанчын, заблакаваў краму і расхапаў хлеб наўпрост з прылаўкаў, таксама людзі спынілі і абрабавалі дзьве падводы, на якіх хлеб везлі на продаж. У натоўпе раздаваліся антысавецкія выкрыкі: “Бі ўсіх савецкіх бл..дзей”.
На падаўленне стыхійнага паўстання была накіравана міліцыя, але асаблівай стараннасці яна не праявіла. Так, напрыклад, міліцыянт Прадзед, калі яму прапанавалі не дапускаць раскрадання хлеба, заявіў, што разганяць натоўп не будзе, таму што «сам галодны». Усё ж, на працягу дня былі арыштаваныя некаторыя самыя актыўныя ўдзельнікі бунту.
Партыйная вярхушка апынулася цалкам непадрыхтаванай да такога сцэнару. Спалохаўшыся нечаканага хвалявання, многія мясцовыя чыноўнікі ў гэты дзень проста не выйшлі на працу або збеглі з працоўных месцаў. Барысаўчане сталі казаць, што ўлады ў горадзе няма.
Каб прадухіліць наступныя хваляванні 8 красавіка, хлеб загадзя развезлі па крамах ноччу. Але з раніцы 8 красавіка ля лавак зноў сабраліся натоўпы жанчын, многія працоўныя ў гэты дзень не выйшлі на заводы, а далучыліся да пратэстоўцаў. Самых актыўных арыштавала міліцыя, а натоўп патрабаваў іх вызвалення. Людзі крычалі: «Галодныя просяць хлеба, а вы іх саджаеце!»
Удзельнікі бунту звярталіся да ваенных па дапамогу. У Барысаве размяшчаліся 4-ы стралковы полк і 7-ы конна-артылерыйскі полк, і жыхары горада верылі, што Чырвоная Армія абароніць іх ад голаду і несправядлівасці. Жанчыны звярталіся да штаба 7-га артпалка, крычалі: «Абараняйце рабочых, ім не даюць хлеба, садзяць у турму!» А днём на вуліцах Барысава з’явіўся натоўп дзяцей, яны ішлі ў бок казармаў 4-га пяхотнага палка і скандавалі: «Дайце хлеба і магчымасць вучыцца!».
У выніку ўлады Барысава былі вымушаны адступіць. Увечары 8 красавіка на агульных сходах на заводах было абвешчана, што дзяцей адновяць ў забеспячэнні. На кожнае дзіця штодня будуць выдаваць 200 грам хлеба. Мяса ім па-ранейшаму не належыла.
На наступны дзень 9 красавіка выступы працягваліся, але ў меншых маштабах, каля хлебных крамаў быў выстаўлены патруль, які прадухіліў некалькі новых спробаў крадзяжу.
У цэлым, на гэтым Барысаўскі хлебны бунт скончыўся. У ноч з 9 на 10 красавіка ГПУ арыштавала 54 чалавекі, у тым ліку 3-х дзяцей. Лёс іх невядомы, але многія атрымалі да 3-х гадоў высылкі.
Чэкісты не дрэмлюць
З архіўных дакументаў бачна, што ў кантэксце бунту ў Барысаве, чэкістаў асабліва цікавілі настроі рабочых і вайскоўцаў. У архівах захаваліся дакладныя запіскі АДПУ, якія ішлі на самы верх старшыні БССР Мікалаю Гікала. Хто б што ні сказаў у калектыве, на заводзе ці ў казарме – ўсе словы ў дакладнасці і з прозвішчамі траплялі ў данясенні. І, мяркуючы па гэтых паклёпах, рабочыя і вайскоўцы ў асноўным былі на баку пратэстуючых і выказвалі незадаволенасць уладай. Прычым, гэта былі не толькі беспартыйныя або несвядомыя элементы, а цалкам сабе «свае» камуністы. Вось некалькі нататак з даносаў чэкістаў:
«Работніца завода ім. Домбаля Касцюкова з нагоды скарачэння нормы хлебнай нормы казала: «Хутка людзей давядуць да разбою, крадуць не па сваёй волі, таму што няма чаго есьці, з голаду не тое што красці, але хутка пачнуць адзін аднаго біць і рэзаць».

Сталін у суправаджэнні супрацоўніка АДПУ. Чэкісты пры Сталіне адыгрывалі асаблівую ролю. Яны выконвалі функцыі і ўнутранай выведкі, і органаў следства, і рэпрэсіўнай машыны.
«… малодшыя камандзіры: Голуб, рабочы, б / п, і Дзятлаў, серадняк, б / п, прыйшоўшы ў казарму роты да мал.камандзіра Савіцкага, з захапленнем расказвалі пра сутычкі натоўпу з міліцыяй і крадзеж хлеба. Камандзір Савіцкі на гэта ім адказаў: «Па мне няхай і нам не дадуць хлеба, мы хутчэй разбрыліся б па хатах і сталі б разбіраць быдла з калгасаў». Камандзір роты малодшых камандзіраў Барысёнак таксама не хаваў сваіх настрояў перад казармай: «Мы хутка здохнем з голаду і толькі дурым сваю галаву тым, што выконваем пяцігодку ў чатыры гады. Рабочыя ўжо б’юцца з міліцыяй за хлеб, нам хутка таксама не дадуць хлеба. Я сёння быў у знаёмага працоўнага і ён сказаў, што, «калі будзе так працягвацца, мы адразу робім страйк, галоднаму працаваць нельга, хай што хочуць з намі робяць» – Чэкісцкая рэмарка пасля гэтай цытаты вельмі шматзначная: «Прысутныя іншыя камандзіры падтрымалі Барысёнка».
Прыкладаюцца таксама словы жаўнера Іванова, з беднякоў: «Калі рабочым не дадуць хлеба, то яны выступяць і супраць Савецкай улады, ды я і сам не быў бы лепш у гэтым выпадку».
Голадам і недахопам харчавання былі незадаволеныя таксама партыйныя дзеячы і начальнікі на самых высокіх месцах. Напрыклад, загадчык нова-барысаўскай хлебнай крамы ЦРК N 23, член кампартыі Беларусі Рыгор Шлома «спакойна назіраў за тым, як жонка яго ўдзельнічала ў раскраданні хлеба». А старшыня Барысаўскага ЦРК (цэнтральнага раённага камітэта) Розін заявіў, што «і для яго незразумела, чаму няма хлеба, таму што ў цэнтральных газетах ясна сказана, што збожжавая праблема ў асноўным вырашана».
З гэтым усім пратэстным настроем, які пранік нават у кіруючыя камуністычныя колы барысаўскай ўлады, трэба было нешта рабіць.
Разбор палётаў
Вывучыўшы ўсе данясенні з Барысава, у Мінску 14 красавіка 1932-га ўлады БССР прымаюць пастанову наконт гэтых падзей.
Прычынай народнай незадаволенасці назвалі недастатковую працу з насельніцтвам. Маўляў, партыйнае кіраўніцтва ў Барысаве папулярна не патлумачыла людзям мэтазгоднасць і карысць ад ўразання нормаў. Да таго ж нядбайныя барысаўскія камуністы не вялі дастатковую працу па выкараненні варожа-кулацкага элемента. А гэты антысавецкі варожы элемент, тым часам, скарыстаўся часовымі цяжкасцямі савецкай улады і пачаў нацкоўваць простых рабочых людзей на бунт.
Галоўным вінаватым у беспарадках быў названы сакратар Барысаўскага РК (раённага камітэта) Тамашэўскі, якога за «дапушчаныя грубыя палітычныя памылкі» вызвалілі ад працы. Асуджэнне атрымалі таксама камсамол, які «працаваў незадавальняюча» , таксама міліцыя, што «разгубілася» і была «засмечаная кулацка-варожым элементам». А пахвалілі як раз чэкістаў, якія пісалі даносы і шпіёнілі, а таксама прадставілі «… каштоўны матэрыял для асвятлення класава-варожай сутнасці падзеяў, што адбыліся».
У завяршэнне гэтага непрыемнага эпізоду ў Барысаве, які псаваў бачную карціну ўсеагульнага савецкага дабрабыту, з Мінска ва ўсе раёны былі разасланыя абсалютна сакрэтныя апавяшчэнні з кароткім апісаннем інцыдэнту. Гэта было зроблена, каб «на прыкладзе Барысава … павысіць бальшэвісцкую пільнасць партыйнай арганізацыі да нападаў класавага ворага». Пасля азнаямлення лісты было неабходна вярнуць у Мінск у сакрэтны аддзел архіва кампартыі Беларусі.
І гэта ўсё?
Тэма голаду ў Беларусі ў 30-я гады, ў цэлым, была і застаецца табуяванай ў нашай гісторыі. Яна да гэтага часу кепска вывучана. Многія архівы, якія тычацца 30-х гадоў у Беларусі былі страчаны або знішчаны. Архівы, якія захоўваюцца ў КДБ, да гэтага часу засакрэчаныя. Хто ведае, якія яшчэ дакументы хаваюцца там?
Кандыдат гістарычных навук і дацэнт Ігар Кузняцоў сцвярджае, што голад у Беларусі ў 30-я гады быў і гэта не падлягае сумневу. Але пра рэальныя маштабы і колькасці ахвяр судзіць вельмі складана.
Аўтар –
Записи
— (Русский) БНФ - FAQ по самой старой политической партии Беларуси — (Русский) НКВД против Радзивилов. Как "раскулачивали" владельца Несвижского замка. — (Русский) "Панаехала гасцей з іншаземных абласцей". Как иностранцы становились королями Речи Посполитой. — (Русский) Что такое "культурный марксизм"? Разбираем истоки современных общественных трендов — (Русский) ТОП 5 великих полководцев ВКЛ, которых вы должны знать



