Сябры, у гэтым годзе спаўняецца 205 год з паходу Напалеона на Расійскую Імперыю. Тэма напалеонаўскіх войнаў адна з найменш папулярных у беларускім грамадстве, як і Першая сусветная. Бо, дзякуючы неадэкватнай прапагандзе, мы ведаем, што ў свеце была толькі адна вайна, а Беларусь з’явілася ў 1945-ым.
Пра напалеонаўскую кампанію звычайны беларус ведае толькі з верша Лермантава “Барадзіно”, камедыі “Гусарская балада” ды рамана “Вайна і мір”. Тым не менш 1812-ы год з’яўляецца адным з самых міфалагічных у нашай і расійскай гісторыі.
Каб вата не абвінаваціла нас у “свядомитских сказках и фантазиях”, публікуем матэрыял расейскага настаўніка гісторыі, куратара тэмы “Гісторыя” на праекце TheQuestion.ru Вячаслава Бабайцава.
“УСЕНАРОДНАЯ ВАЙНА 1812 ГОДА ЯК НАЙВЯЛІКШЫ МІФ У РАСІЙСКАЙ ГІСТОРЫІ”
Адзін з найвялікшых міфаў у расійскай гісторыі — гэта “ўсенародная вайна” насельніцтва Расійскай імперыі супраць Напалеона ў 1812 годзе. Уяўленне пра масавае супраціўленне французам шырока распаўсюдзілася падчас Вялікай Айчыннай, калі спатрэбілася на гераічных прыкладах з мінулага заклікаць грамадзян СССР да барацьбы з нацызмам. Далей савецкія аўтары актыўна тыражавалі гэтае меркаванне. У сувязі з гэтым маштабы дзеянняў партызанскіх атрадаў у Айчыннай вайне 1812 года былі неабгрунтавана перабольшаны, а іх характар паказаны адрозным ад сапраўднага.
Насамрэч на занятых французамі тэрыторыях адносіны мясцовых жыхароў да Вялікай арміі былі надзвычай неадназначнымі. Яны вагаліся ад прывітальнага захаплення да адкрытай нянавісці.
Напярэдадні захопу Напалеон дэклараваў адну з галоўных мэтаў свайго паходу – аднаўленне суверэннай Польшчы (Рэчы Паспалітай). У яе склад планавалася ўключыць украінскія, беларускія і літоўскія землі, якія ўвайшлі ў Расійскую імперыю ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі. Новая дзяржава павінна была ўраўнаважыць свайго ўсходняга суседа.
Уступіўшы ў чэрвені 1812 года ў заходнія губерніі Расійскай імперыі, французскія войскі сустрэлі сімпатыі з боку мясцовага насельніцтва. Жыхары гарадоў урачыста сустракалі іх з кветкамі і музыкай. Амаль уся літоўска-беларуская шляхта, якая спадзявалася на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, успрымала французаў як вызваліцеляў ад расійскага самадзяржаўя. Каталіцкія, а ў некаторых месцах і праваслаўныя святары таксама падтрымлівалі Напалеона.
Вось як пісала пра сустрэчу Вялікай арміі ў Вільні гарадская газета «Kurjer Litewski»: «У гэты дзень мы былі шчаслівыя бачыць у сценах нашай сталіцы імператара французаў… вялікага Напалеона, на чале яго непераможнай арміі».
Таксама паведамлялася: «Увесь горад быў на вуліцы, усе навакольныя горы цалкам былі пакрытыя людзьмі, якія прагнулі першымі ўбачыць французаў. Шмат хто з гэтай мэтай залез на дахі дамоў, вежы цэркваў і званіцы. Вялізныя натоўпы пабеглі за ковенскую заставу, адкуль чакалі французаў. Усё гэта бегла, сутыкалася, гаманіла, нагадваючы адзін вялізны вар’яцкі дом».
Сустрэча Напалеона ў Вільні
Беларускі гісторык Уладзімір Краснянскі пісаў, што ў Мінску і павятовых гарадах губерніі паўсюль адбываліся «ўрачыстыя сустрэчы французаў каталіцкім духавенствам і прадстаўнікамі горада; гучныя авацыі натоўпу, ілюмінацыі ўвечары, надзвычайнае ажыўленне, якое ўносілі памешчыкі, прыяжджаючыя з навакольных вёсак адсвяткаваць, паабедаць, паразмаўляць пра адноўленую Польшчу».
Мясцовыя жыхары кантралявалі склады з правіянтам і кармамі, не дазваляючы знішчыць іх адступаючым рускім часткам, і перадавалі гэтыя запасы Вялікай арміі. Напрыклад, у Вілейцы брыгадны генерал П’ер Душы дэ Кольбер-Шабанах атрымаў ад гараджан 2 тысячы квінталаў мукі, ад 30 да 40 тысяч рацыёнаў сухароў і шмат аўса.
Прадстаўнікі высакародных шляхецкіх родаў добраахвотна дапамагалі грашыма напалеонаўскім войскам. У Вільні княгіня Караліна Радзівіл падаравала французскаму шпіталю 30 бочак жытняй мукі і 2 бочкі крупы разам з вазамі, а таксама 10 валоў і 12 бараноў. На яе ўзор прадстаўнікі іншых дваранскіх родаў таксама пачалі ахвяраваць правіянт французскім лазарэтам.
«Плошча Напалеона ў Мінску» — у 1812-ым годзе Плошча Свабоды была перайменавана ў гонар французскага Імператара.
Асобна варта вылучыць узаемаадносіны Вялікай арміі і самага шматлікага саслоўя Расійскай імперыі — сялянства. Першапачаткова прыход французаў сельскія жыхары ўспрынялі стрымана і ніякага супраціву ім не аказвалі.
Пры ўваходзе напалеонаўскіх войскаў у заходнія губерніі сярод сялян пачалі актыўна распаўсюджвацца чуткі пра вызваленне ад прыгону, адмен чыншу і паншчыны. Але французскія ўлады захавалі ўсе ранейшыя павіннасці, зборы з сялян былі нават павялічаны. Гэта выклікала пасіўны супраціў сельскага насельніцтва. Сяляне адмаўляліся гандляваць з французамі, збіраць ураджай з палёў, забяспечваць напалеонаўскае войска харчаваннем і фуражом. Яны спальвалі ўласныя дамы і свірны з запасамі, цэлымі сем’ямі сыходзілі ў лясы. Старшыня паліцыі Бярэзінскай падпрэфектуры Дамброўскі пісаў: «Мне загадваюць усё дастаўляць, а ўзяць няма адкуль … На палях шмат збожжа, ня прыбранага з-за непадпарадкавання сялян».
У некаторых раёнах сяляне пачалі ствараць у французскім тыле атрады самаабароны і пераходзіць да актыўнага супраціву. Супраць Вялікай арміі дзейнічалі фарміраванні сялян з вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Клеўкі ў Барысаўскім павеце, Варонкі ў Дрысенскім павеце, Жарцы ў Полацкім павеце і іншых.
У асобных выпадках абурэнне сельскага насельніцтва было накіравана супраць землеўладальнікаў. Жыхары шэрагу вёсак на Віцебшчыне перасталі падпарадкоўвацца сваім памешчыкам, пачалі рабаваць дваранскія сядзібы. Каб абараніць уласныя маёнткі, мясцовай шляхце прыйшлося звярнуцца па дапамогу да французскай адміністрацыі. Новы ўрад згадзіўся дапамагчы, бо, каб забяспечыць армію правізіяй, быў неабходны парадак на акупаванай сельскай мясцовасці. З дапамогай французскіх войскаў бунты сялян былі задушаныя.
Увогуле ўзброены супраціў сялян заходніх губерніяў не быў масавым. Асобныя ўспышкі незадаволенасці досыць хутка ўціхамірвалі рэгулярнымі французскімі часткамі. Таму казаць аб усеагульнай сялянскай партызанскай вайне было б няправільна.
Стаўленне да Вялікай арміі стала хутка змяняцца, калі яна пачала ісці далей у губерніі, дзе жыло пераважна рускае насельніцтва. Яшчэ ў Віцебску Напалеон атрымліваў паведамленні ад патрулёў і фуражыраў аб прарасейскіх настроях жыхароў на ўсход ад Рудні і Чырвонага. Капітан Віктар Кастэлан пісаў: «Калі мы будзем зусім у Расіі, будзе як у Іспаніі». Французскі імператар і сам добра разумеў, што пасля таго, як Вялікая армія пяройдзе старую мяжу Рэчы Паспалітай і ўступіць на тэрыторыю Смаленшчыны, кампанія фармальна перастане быць вайной за аднаўленне Польшчы. Аднак з-за таго, што ў Напалеона не атрымалася разграміць рускую армію ў баях на мяжы і дамагчыся выгаднай мірнай дамовы, ён быў вымушаны рушыць далей, каб прымусіць суперніка даць генеральную бойку.
Напалеон у Смаленску
18 жніўня 1812 года пасля цяжкіх трохдзённых боек Вялікая армія заняла Смаленск. Становішча тут рэзка кантраставала з урачыстым прыёмам на былых польскіх землях. Горад, які пакінулі амаль усе жыхары, быў разбураны і агорнуты полымем, а яго вуліцы заваленыя трупамі і кінутымі параненымі. Французскі афіцэр віконт Луі Гіём дэ Пюібюск пісаў: «Мёртвыя целы складаюць у кучу, тут жа, каля паміраючых, на дварах і ў садах; няма ні рыдлёвак, ні рук, каб закапаць іх у зямлю. Яны пачалі ўжо гнісці; нясцерпны смурод на ўсіх вуліцах, ён яшчэ больш павялічваецца ад гарадскіх равоў, дзе да гэтага часу навалены вялікія кучы мёртвых целаў, а таксама мноства мёртвых коней пакрываюць вуліцы і наваколле горада. Усе гэтыя брыдоты, улічваючы даволі гарачае надвор’е, зрабілі Смаленск найбольш невыносным месцам на зямлі».
Разам з тым у гісторыі акупацыі Смаленшчыны Вялікай арміяй вядомыя эпізоды, калі рускія вайскоўцы, якія апынуліся ў палоне, добраахвотна дапамагалі напалеонаўскай адміністрацыі. Такія выпадкі былі нешматлікія, але яны здараліся.
Па меры прасоўвання французскіх войскаў на ўсход актывізаваўся супраціў сялян. Збеглыя з палону рускія вайскоўцы і добраахвотнікі з ліку мясцовых жыхароў былі ініцыятарамі арганізацыі атрадаў самаабароны. Сялянскія фарміраванні сачылі за асобнымі варожымі партыямі і атрадамі, знішчалі французскіх фуражыраў і марадзёраў. Генерал-маёр Бенкендорф пісаў: «Памешчыкі і спраўнікі ўзброілі сялян і пачалі … дзейнічаць супраць агульнага ворага. Не паўтаралася больш з’яў, якія адбываліся ў Беларусі».
Мінск часоў Напалеона
Трэба сказаць, што рэакцыя сельскага насельніцтва і Цэнтральнай Расіі на прыход Вялікай арміі далёка не заўсёды была негатыўнай. Часта сяляне пад уплывам чутак аб адмене французамі прыгону падтрымлівалі Напалеона. Сенатар Павел Каверын у лісце да Аляксандра I даносіў: «Перакананне ворагам у занятых ім месцах … агульна паміж сялян распаўсюджваемае, упэўненасць у непрыналежнасці больш Расіі і ў недатыкальнасці да іх улады памешчыкаў магло пахіснуць іх розумы, ад чаго некаторыя ў Смаленскай губерніі спрыялі непрыяцелю ў адшуканні фуражу і ўтоеных маёмасцяў, а іншыя, па дамове з ім, пачыналі нават рабаваць панскія дамы». Паведамлялася, што ў Раслаўльскім і Ельнінскім паветах «ворагі, якія праходзілі, і марадзёры, што засталіся … пакінулі, асабліва ў сялянах, разуменне незалежнасці», а ў Юхноўскім павеце «сяляне некаторых паселішчаў ад вальнадумства пачынаюць забіваць да смерці гаспадароў сваіх і падводзяць французаў у тыя месцы, дзе тыя ад страху хаваюцца».
Пасля таго як у верасні 1812 гада французы ўвайшлі ў Маскву, у шэрагу месцаў Маскоўскай губерніі адбыліся бясчынствы. Сяляне, якія спадзяваліся, што з прыходам французаў прыгон адменяць, самавольна выходзілі з падпарадкавання памешчыкам. Яны адмаўляліся выконваць павіннасці і плаціць чынш. Сяляне казалі, што зараз цалкам вольныя, «таму што Банапарт у Маскве, а значыцца, ён іх гасудар».
Напалеон разглядаў магчымасць адмены прыгону. Ён спадзяваўся, што гэтая мера дапаможа прыцягнуць на бок Вялікай арміі шматмільённыя масы рускага сялянства і пераламіць ход кампаніі. Аднак французскі імператар не адважыўся рэалізаваць свае задумы, баючыся буйнога сацыяльнага выбуху на занятых яго войскамі тэрыторыях. Напалеон казаў: «Я б мог падняць супраць яго большую частку яе ўласнага насельніцтва, абвясціўшы вызваленне рабоў … Але калі я даведаўся пра грубасць нораваў гэтага шматлікага класа рускага народа, я адмовіўся ад гэтай меры, якая прысудзіла б мноства сямействаў да смерці, разрабавання і самых страшных мук».

Як бачым, зусім не ўсе жыхары занятых французамі тэрыторый бачылі ў іх ворагаў. Асабліва гэта заўважна на прыкладзе заходніх губерніяў, дзе нацыянальнае дваранства, гараджане і частка духавенства, якія спадзяваліся, што незалежнасць Рэчы Паспалітай будзе адноўлена, ахвотна падтрымалі Напалеона. Сяляне ў гэтых рэгіёнах таксама далёка не паўсюль сустракалі Вялікую армію з віламі і рацішчамі. «Дубіна народнай вайны» ў поўнай меры паднялася толькі пасля падзення Смаленска. Аднак нават у Цэнтральнай Расеі частка сельскага насельніцтва глядзела на Напалеона як на збаўцу ад прыгону. Сялянскае пытанне мела вялікае значэнне для французскай адміністрацыі. Верагодна, калі б Напалеон адважыўся на адмену прыгону, то змог бы разлічваць на карэнны пералом у вайне з Расеяй. Але французскі імператар вырашыў не рызыкаваць.
Ад рэдакцыі дадамо, што аўтар не распавёў пра праект аднаўлення ВКЛ, які таксама лунаў у планах Напалеона. Але пра гэта мы падрабязней раскажам у наступных публікацыях.
Записи
— (Русский) Ты уже взрослый и должен знать об этом! Всё о видах демократии и вероятности её в Беларуси — (Русский) Городские войны. Как горожане ВКЛ сражались за свои права — (Русский) БНФ - FAQ по самой старой политической партии Беларуси — (Русский) НКВД против Радзивилов. Как "раскулачивали" владельца Несвижского замка. — (Русский) "Панаехала гасцей з іншаземных абласцей". Как иностранцы становились королями Речи Посполитой.