2006-ы год. Аўтар гэтых радкоў праціснўся ў лідскі Дом Культуры дзеля сустрэчы з апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты. Людзей прыйшло вельмі шмат, недзе каля тысячы чалавек. І вось натоўп лідчан злёгку штурхае мяне, спатыкаюся, кранаю кагосьці лакцём. У адказ чуецца незразумелая гаворка. Павярнуўшыся, бачу чалавека ў нейкім “кажуху” і з белай павязкай. На павязцы бачныя вялікім шрыфтам 4 сінія літары – OSCE. Так я ўпершыню ўбачыў жывога АБСЕ-шніка.
ШТО ТАКОЕ АБСЕ?
Шмат хто чуў гэтую абрэвіятуру тысячы разоў, у тысячах фраз, але дагэтуль выразна не ўяўляе, што гэта такое. “Нейкія важныя чувакі з Еўропы, якія за чымсьці там назіраюць і нешта там потым вырашаюць, “– распавядзе сярэднестатыстычны грамадзянін. І будзе мець рацыю.
Наблюдатели на Донбассе
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (англ. скар. OSCE) бярэ пачатак з міжнародных форумаў і сустрэч яшчэ ў 70-ых. У тыя часы, пры брэжнеўскім застоі, назіралася пэўная спроба стабілізаваць гонку ўзбраенняў і выпрацаваць хоць нейкія зразумелыя правілы гульні. Таму заходнія краіны і СССР праводзілі сумесныя нарады па праблемных тэмах. Вынікам такіх сустрэч стала знакамітае Хельсінкскае пагадненне 1975-га году – дагавор СССР і НАТА аб непарушнасці межаў пасля Другой Сусветнай, аб урэгуляванні канфліктаў мірным спосабам, эканамічнае супрацоўніцтва і гэтак далей. Гэта значыць: “Братва, ня страляйце адзін у аднаго, усё вырашым.”
Практыка гэткіх сумесных нарадаў працягнулася, і форум атрымаў назву «Нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе» – НБСЕ. Але 1-га студзеня 1995 года быў праведзены рэбрэндынг, і з’явілася знаёмая нам ужо назва АБСЕ.
МЭТЫ І МАГЧЫМАСЦІ АБСЕ
Беларусы часцей за ўсё сутыкаліся з місіяй АБСЕ па назіраннях за выбарамі. Назіральнікі глядзяць на Ярмошыну, ім становіцца ўсё ясна, потым выходзіць рэзалюцыя, потым наша МЗС гэту рэзалюцыю крытыкуе і г.д. Так, абарона правоў чалавека, развіццё дэмакратычных інстытутаў, маніторынг выбараў з’яўляюцца адным з мэтавых “кошыкаў” арганізацыі. Але акрамя гэтага сярод місій АБСЕ:
– кантроль над распаўсюджваннем узбраення;
– дыпламатычныя намаганні па прадухіленні канфліктаў;
– меры па пабудове даверных адносін і бяспекі;
– эканамічная і экалагічная бяспека.
Для дасягнення такіх выдатных мэтаў ёсць каля 400 супрацоўнікаў у кіруючых арганізацыях, 3500 тысяч працаўнікоў у палявых місіях, ад 150 да 160 мільёнаў эўра кожны год, уласныя паліцэйскія сілы. Фармальна рашэнні ўсіх гэтых самітаў, сустрэч і канферэнцый не маюць юрыдычнай сілы, а нясуць толькі рэкамендацыйны характар. Гэта азначае сабраліся, пагаварылі і: “Ну, хлопцы, ну калі ласка, хопіць усіх там разганяць і саджаць, непрыгожа неяк.”
Але карысць ад такіх пасядзелак ёсць, і яна ў тым, што АБСЕ можа выносіць праблемы той ці іншай краіны на міжнародны ўзровень. Адна справа, калі ты чыніш беззаконне цішком, і зусім іншая, калі гэта абмяркоўваюць важныя дзядзькі, з якімі ты гандлюеш. Набываць тавар яны ў цябе, можа, і ня перастануць, але мець брудную рэпутацыю заўсёды нявыгадна.
ШТО РОБІЦЬ АБСЕ Ў БЕЛАРУСІ, І ЯКІ З ГЭТАГА СЭНС?
Зараз у Мінску будзе праходзіць летняя сесія Парламенцкай Асамблеі (ПАСЕ) АБСЕ. Што азначае гэты набор літар?
ПАСЕ АБСЕ – гэта арганізацыя, якая аб’ядноўвае 57 парламентаў розных дзяржаў. І там яны абмяркоўваюць разнастайныя праблемы, звязаныя з палітыкай, эканомікай, экалогіяй, правамі чалавека. Таму цяпер у Мінску поўна важных дзядзькоў з самых розных краін. Беларусь упершыню прымае сустрэчу такога высокага ўзроўню. Мабыць, з гэтай нагоды і адпусцілі ўсіх фігурантаў справы “Белага Легіёну”, каб не было так сорамна.
Такім чынам, з аднаго боку Беларусь уцягваецца ў еўрапейскі палітычны рух, што добра. З іншага боку, ёсць заўсёды небяспека, што ЕЗ закрые вочы на беззаконне сілавікоў у абмен на пэўныя дамоўленасці. І тады простым змагарам ўжо непаздаровіцца.
Спадзяемся, што вынікі сесіі будуць карысныя для ўсіх: улады, грамадства, паліт.зняволенных і еўрапейцаў. Толькі б замежных дэпутатаў на лінію Сталіна не павезлі, а то няправільна зразумеюць.
Записи
— (Русский) Список литературы на осень. 10 книг об устройстве свободного общества — Дипломатическая жесть. Умалчиваемая история скандальных визитов Лукашенко — (Русский) Так когда должны быть парады? Выбираем "День Беларуской Армии" — (Русский) Невосполнимые смерти. Беларуские журналисты, которые ушли слишком рано — (Русский) Последние патриоты ВКЛ. История краёвого движения.