Нам нужна ваша помощь

Прочитайте наше обращение. Вы важнее, чем думаете.

Просмотреть
Скрыть
1863x

Общество

Што не так з ваеннымі парадамі ў Беларусі?

1863x, 27 June 2017

У святле апошніх менскіх падзей усё гучней гучаць галасы супраць правядзення параду 3-га ліпеня ў Менску. Прычыны знаходзяць розныя: дарагоўля, бессэнсоўнасць, падрапаны асфальт, знесены слуп. У адказ прэс-сакратар Міністэрства Абароны назваў праціўнікаў правядзення парадаў «спадкаемцамі Вільгэльма Кубе», гэта значыць, нацыстамі. Калі б у Гітлера было б афіцыйнае пахаванне, то яго труна даўно б ужо прасвідравала дзіру да сэрца планеты (настолькі часта ён згадваецца з нагоды і без).

Але тэма з парадамі на самой справе значна складаней, чым здаецца. Мы вырашылі пагаварыць з вамі шчыра і паспрабаваць растлумачыць, чаму людзі на самой справе не хочуць парадаў. Бо не ў грошах справа.

ЧАМУ ПАРАД ГЭТА ДОБРА?

У першую чаргу парад – гэта хвальба. Яшчэ са старажытных часоў вялікія дзяржавы (Егіпет, Персія) праводзілі ўрачыстыя шэсці войскаў. У Рыме гэта называлася «трыумфам» і ўяўляла сабой важную падзею ў жыцці дзяржавы. Калі палкаводзец атрымліваў перамогу, ён вяртаўся ў сталіцу як герой, праходзячы праз адмысловую арку пад радасныя крыкі гараджанаў.

Парады ўвесь час праводзіліся і праводзяцца на тэрыторыі Еўропы і ЗША, у Грузіі і Украіне.

Парады маюць вялікае значэнне ў краінах, дзе ідуць ваенныя канфлікты ці існуюць павышаныя рызыкі ваенных сутыкненняў. У такім выпадку дэманстрацыя тэхнікі і сілы служыць заспакаяльным фактарам для насельніцтва.

Таксама сутнасць парадаў у тым, каб зацікавіць насельніцтва службай у арміі. Малы, які ўпершыню ў жыцці прыйшоў на парад і закахаўся ў тэхніку, – патэнцыйны будучы кадравы афіцэр. Маршыруюць калоны ваенных, па баках якіх стаяць людзі, – усё гэта ўяўляе сабой гэтакія жывыя зносіны народа з адным з найважнейшых дзяржаўных інстытутаў. «Якія прыгажуны, з імі я адчуваю сябе абароненай», – думае мама траіх дзяцей. «Усе гэтыя тысячы людзей глядзяць на мяне. Я служу сваёй краіне і людзям і аддам сваё жыццё за іх». Вось так павінна быць.

Але чаму мы так заўзята пратэстуем супраць драпін ад танкавых гусеніц на нашым асфальце, хоць аналагічнае, відаць, не вельмі турбуе нашых суседзяў?

ВІТАЮ ЦЯБЕ, САВОК!

Такую выдатную вайсковую традыцыю паспяхова эксплуатуюць разнастайныя рэжымы, што топчуць волю. Вы вось паглядзіце на КНДР.

Жадаеце быць у натоўпе і назіраць гэта? І мы таксама не. Або вось Кітай.

Або вось РФ.

У чым галоўнае адрозненне такіх дэманстрацыяў? А ў тым, што любы вальнадумны і разумны чалавек разумее, што такі паказ сілы не толькі для нейкіх вонкавых ворагаў, але і для запалохвання ўнутраных праціўнікаў. І калі да АМАПу з дубінкамі ставішся ўжо неяк са звычкай, то факт наяўнасці танкаў дэманструе, што ў рэжыма хапае інструментаў для сілавога падаўлення іншадумцаў.

Галоўная праблема арміі сёння і прычына адрыньвання парадаў, прычына, чаму дзясяткі тысяч маладых людзей хаваюцца ад службы, у тым, што людзі не ўспрымаюць войска сваім. Войска ў першую чаргу для Прэзідэнта, чыноўнікаў, Саюза Расеі і Беларусі, савецкага мінулага, ветэранаў – але не для мяне асабіста.

Наша армія зараз самае ватнае і кахаючае Пуціна сілавое ведамства. Уся эстэтыка, знешні выгляд і пазіцыянаванне крычыць аб савецкім мінулым. Ну і што казаць пра ўдзел армейскага спецназа ў разгонах Дня Волі?

Таму скажу за ўсіх – мы хочам парад, але парад для народа. І каб прымаў яго галоўнакамандуючы, якога можна змяніць на дэмакратычных выбарах. І каб з БЧБ і Пагоняй, крыкамі «Жыве Беларусь!» і павышэннем выдаткаў на абарону. Так, Беларусь вельмі мала выдаткоўвае грошай на войска ў сучасных умовах. І каб кожны, які глядзіць на парад, ведаў, што гэтыя маладыя хлопцы ў калоне ніколі не будуць накіраваныя супраць сваіх жа грамадзянаў. Мы хочам ганарыцца і кайфаваць ад уласных узброеных сілаў.

А зараз гэта ўсё ж прыватная вечарына дзеля заспакаення нерваў людзей пры ўладзе. Нам на ёй рабіць пакуль што няма чаго.