Нам нужна ваша помощь

Прочитайте наше обращение. Вы важнее, чем думаете.

Просмотреть
Скрыть
1863x

История

Расея супраць ЗША. Чыім саюзнікам быць больш выгадна?

1863x, 14 July 2017

Адной з найбольш балючых тэм для беларускіх, украінскіх, казахскіх або любых іншых фанатаў Пуціна з’яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі. Сярэднестатыстычны ватнік будзе да хрыпаты крычаць лозунгі за найбліжэйшы саюз з РФ, а яшчэ лепш – за ўваходжанне ў яе склад. Пры гэтым саюз з ЗША разглядаецца як нешта страшнае, разбуральнае і апакаліптычнае. “Ты хочаш, каб сюды прыйшла Амерыка?”, “Прадасі сябе піндосам?”, “У НАТА хочаш уступіць?” – пацыенты нават не заўважаюць уласнай шызафрэніі. З аднаго боку хочуць знішчыць дзяржаўнасць Беларусі пры дапамозе ўваходжання ў РФ, а з другога баяцца найменшага ўплыву найбольш паспяховай краіны ў свеце.

Давай на малюнках разбярэмся, чыім саюзнікам быць больш небяспечна.

САЮЗНІКІ РФ

Дык вось, паглядзім на стан зямель і краін, над якімі Расея мае непасрэдны пратэктарат, саюз ці нават прамы кантроль на працягу доўгага часу.

Паўднёвая Асеція

У 1992 тут быў праведзены рэферэндум “аб дзяржаўнай незалежнасці і (або) уз’яднанні з Расеяй”. Асеціны не хацелі жыць у складзе Грузіі і, абапіраючыся на падтрымку РФ, распачалі вайну супраць грузінаў. У выніку з’явілася замарожаная зона канфлікту, якая ў 2008-м зноў стала арэнай для вайны паміж Расеяй і Грузіяй. У 2008-ым Мядзведзеў прызнаў незалежнасць Паўднёвай Асеціі і нават патрабаваў падобнае ад Беларусі (але быў пасланы).

Паўднёвая Асеція — вельмі бедны край. Насельніцтва імкліва з’язджае, па некаторых дадзеных там засталося ўсяго 25-30 тысяч чалавек, замест за 70 тысяч, як гэта было да пачатку вайны ў 2008-ым.

Затое ёсць расейская ваенная база і карумпаваны ўрад, які пілуе пуцінскія ўліванні. Па некаторых звестках, тэрыторыя Паўднёвай Асеціі таксама выкарыстоўваецца для адмывання грошай і розных падазроных аперацый.

Усе прамысловыя прадпрыемствы і сельская гаспадарка Паўднёвай Асеціі стратныя. Эканоміка тупа не функцыянуе. Асноўная валюта – расейскі рубель.

Абхазія

Абхазія мае падобную гісторыю з Паўднёвай Асеціяй. У пачатку 90-ых абхазы пачалі ваяваць за незалежнасць ад Грузіі, абапіраючыся на падтрымку Крамля. Завяршылася ўсё замарожанай зонай канфлікту і сусветнай ізаляцыяй.

Хоць у часы СССР дадзены край лічыўся «райскім кутком», дзе адпачывала мноства партыйных камуністаў, а пуцёўка ў Абхазію лічылася шчасцем.

Але саюз з РФ робіць дзіўныя рэчы. Цяпер сярэдні заробак там складае 100-150 даляраў, ​​ёсць расейская ваенная база, жабрацкі турызм, разруха і татальная беднасць.

Прыднястроўе

І зноў-такі тыповая сітуацыя. З пачаткам развалу СССР, у 90-ых, сепаратысты пры дапамозе Расеі, стварылі сваю фэйкавую краіну пад назвай Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР). Малдова яе не прызнае, і спадзяецца ў будучыні як-небудзь вярнуць.

У Прыднястроўі таксама ёсць ваенная база РФ, але ў адрозненне ад вышэйпералічаных непрызнаных тэрыторый, свая ўласная валюта – прыднястроўскі рубель.

Па афіцыйным курсе сярэдняя зарплата складае каля 300 даляраў. Дасягаецца такі  «шыкоўны дабрабыт» за кошт бясплатнай газпромаўскай газы, экспарту ў ЕС і Малдову. Малдаване не ствараюць эканамічнай блакады і падтрымліваюць жыццяздольнасць эканомікі ПМР.

Насельніцтва ПМР увесь час падае, бо моладзь пры першай магчымасці з’язджае хоць куды-небудзь з гэтай непрызнанай краіны. Беларусь часта называюць закансерваваным саўком, але ў параўнанні з ПМР, мы проста анёлы.

САЮЗНІКІ ЗША

Што ж, цяпер паглядзім на тыя краіны, якія былі заўважаныя пад пратэкцыяй або ў саюзе з ЗША, і паглядзім, як яны пакутуюць пад «прыгнётам піндосаў».

Японія

Токіа ў сакавіку 1945-га

2 верасня 1945-га года Японія падпісала капітуляцыю на борце амерыканскага лінкора «Місуры». Гэта і стала датай канца  Другой сусветнай вайны. Пасля да 1952-го года Японія апынулася пад акупацыяй ЗША, дзе ўсім запраўлялі амерыканскія генералы. І што далей?

Падчас акупацыі амерыканцы заклалі палітычныя і эканамічныя асновы новай дзяржаўнай сістэмы. Цяпер Японія займае 4-ае месца па ўзроўні ВУП у свеце і з’яўляецца адной з самых галоўных тэхналагічных дзяржаў.

Уваходзіць у першую 20-ку па ВУП на душу насельніцтва і Індэксу чалавечага развіцця.

Можна пералічаць бясконцую колькасць брэндаў у сферах аўтамабілебудавання, электронікі, камп’ютарных тэхналогіяў.

Упэўнены, што нават шмат у каго з вас была японская тэхніка або аўто. Японская культура і ежа таксама захопліваюць увесь свет, кожны сучасны чалавек ведае пра сушы і анімэ.

Паўднёвая Карэя

Сучасная гісторыя Паўднёвай Карэі пачынаецца з савецка-амерыканскай дамовы ў 1945 годзе аб падзеле сфер уплыву. Па гэтай дамове частка Карэі паўднёвей 38 паралелі пераходзіла пад юрысдыкцыю ЗША, паўночная ж – пад юрысдыкцыю Савецкага Саюза.

Першыя тры гады жыццём Карэі кіраваў ваенны амерыканскі ўрад. За гэты час і былі закладзеныя асновы сучаснай палітычнай сістэмы. У адрозненне ад Паўночнай Карэі, Паўднёвая за пару дзесяцігоддзяў зрабіла крок наперад, абагнаўшы шмат якія дзяржавы Старога Свету.

Паўднёвая Карэя па ўзроўні ВУП абганяе Расею, займае высокія пазіцыі па Індэксу чалавечага развіцця, з’яўляецца роднай гаванню для мноства глабальных карпарацый.

Таксама Рэспубліка Карэя мае выдатнае войска і ваенныя распрацоўкі. Кінематограф і музыка паўднёвакарэйцаў знаходзяць вялікую папулярнасць па ўсім свеце. Gangnam Style таму добры прыклад.

Пуэрта-Рыка

У Пуэрта-Рыка даволі складаны статус. Фармальна гэта залежная ад ЗША тэрыторыя, там часткова дзейнічае амерыканская канстытуцыя, вярхоўнай уладай прызнаны кангрэс ЗША, але тэрыторыя мае даволі шырокае самакіраванне. Таксама Пуэрта-Рыка даўно хоча ўвайсці ў склад амерыканскай федэрацыі, але пакуль гэтае пытанне нявырашанае.

Пуэрта-Рыка перакладаецца з іспанскай як «багаты порт» і мае цікавую гісторыю. Яго адкрыў яшчэ Хрыстафор Калумб, пасля ён быў каланізаваны іспанцамі. У 1898-ым годзе падчас іспана-амерыканскай вайны востраў перайшоў пад кіраванне ЗША.

У пачатку 20-га стагоддзя востраў быў пераважна аграрным краем, галоўны прыбытак якому прыносіў цукровы трыснёг. Але амерыканцы ўвялі падатковыя ільготы, і ў Пуэрта-Рыка стала развівацца прамысловасць, у прыватнасці нафтахімія і фармацэўтыка. Таксама значную долю даходаў прыносіць турызм.

Па ВУП на душу насельніцтва Пуэрта-Рыка ўваходзіць у 30-ку лепшых, абганяючы Беларусь па гэтым паказчыку ў 4 разы. І калі іншыя астраўныя дзяржавы Карыбскага басейна жывуць у галечы, то шмат якія еўрапейскія краіны пазайздросцяць эканамічным паказчыкам пуэртарыканцаў.

ВЫСНОВЫ

Быць саюзнікам РФ – значыць асудзіць сябе на пякельнае жабрацкае маркотнае жыццё. Возьмем цяпер сучасныя незалежныя краіны, якія доўгі час знаходзіліся пад уплывам Крамля: Беларусь, Украіна, Арменія, Малдова, Казахстан – усюды адны і тыя ж эканамічныя праблемы, карупцыя, аўтарытарызм (за выключэннем Украіны, якая нядаўна пазбавілася рэжыму з дапамогай Майдана). Сакрэт у тым, што Крамлю не патрэбныя моцныя і багатыя саюзнікі, а толькі залежныя жабракі. Пуцінская імперыя працуе па старых лякалах, спрабуючы фізічна ўтрымаць і падпарадкаваць сабе ўсе тэрыторыі паблізу.

ЗША не мае патрэбы ў фізічным кантролі зямлі – сваёй хопіць. Але ім патрэбныя надзейныя партнёры, з якімі яны могуць зарабляць грошы і абараняць свае інтарэсы. Таму Вашынгтон навязвае свае стандарты – у першую чаргу рынкавую эканоміку, дэмакратыю, развіццё бізнесу, пратэстанцкую этыку працы. У выніку праз пару дзесяцігоддзяў саюзнік ЗША становіцца на ногі і ўваходзіць у шэраг найбольш паспяховых краін свету.

Таму любы, хто актыўна топіць за цесны саюз з РФ ці нават уваходжанне ў склад Расеі – альбо дурань, альбо мазахіст, альбо чалавек, які здраджвае беларускім нацыянальным інтарэсам.