Крыху раней мы апублікавалі некалькі артыкулаў пра ўнутраную псіхалогію беларускай палітыкі. Раім з імі азнаёміцца (зараз ці пазней – калі будзе зручней):
- Што рабіць далей беларускаму нацыянальнаму руху?
- Карга-культ як галоўная праблема беларусаў.
- Як рэальна «звергнуць рэжым»?
- Замежжа не дапаможа.
- 5 прычын, чаму варта займацца палітыкай у Беларусі.
У іх мы апісалі цэлы шэраг праблем беларускага грамадства. І чытачы ўвесь час пыталіся: “Ну дык а што рабіць? Што рабіць?“. Не складана закасіць пад псеўдаэксперта і напрыдумляць якіх-небудзь пераробленых з мінулага тактык, або паўтарыць у 100-ы раз усім вядомыя ісціны. Але сёння мы капнём вельмі глыбока, стараючыся знайсці прычыну большасці нашых праблем.
ЦЕМРА ЗАЎСЁДЫ ЗАТУМАНЬВАЕ ВОЧЫ
Шмат хто з вас, пэўна, глядзеў папулярныя серыялы “Сапраўдны Дэтэктыў” і “Забойства”, фільмы “Дзяўчына з татуіроўкай Цмока”, “Палонная”, “Бяжы, дзетка, бяжы”. Яны аб’яднаныя агульнай тэмай – злачынства супраць дзяцей, якое рана ці позна расследуецца да канца, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці. Нават калі праходзіць шмат гадоў, справядлівасць усё роўна пераможа.

Чаму такія серыялы папулярныя на Захадзе? Яны праўдзівыя. Зніклае дзіця, гвалт з яго – дзеянні злачынцы заўсёды выклікаюць абурэнне ў грамадзян. Арганізуюцца пошукавыя аперацыі, мясцовае ТБ распавядае пра гэта ўвесь час, газеты і сайты няспынна асвятляюць расследаванне. Бяда аднаго чалавека становіцца трагедыяй шмат для каго.
А цяпер да нашых рэалій. Ці шмат у нас казалі пра педафіла Давыдовіча (былога высокапастаўленага чыноўніка), які спакушаў хлопчыкаў у сваім асабняку? Або пра банду педафілаў-раварыстаў, якія пад прыкрыццём роварнага гуртка спакушалі хлопчыкаў. Двое беларускіх дэградантаў, магчыма, з’яўляюцца сусветнымі рэкардсменамі па гвалце з дзяцей. Злачынцы рабілі спіс спакушаных хлопчыкаў у нататніках. Два яны паспелі знішчыць, але трэці праваахоўнікі паспелі знайсці. І там было 800 ІМЁНАЎ! 800! Па словах аднаго з удзельнікаў банды, ахвярамі іх дзеянняў сталі ад 8 да 10 тысяч дзяцей! Або вось самы свежы выпадак: у Віцебску педафілы спакусілі 15 хлопчыкаў і паспяхова збеглі за мяжу.
Вы чулі хоць нешта, падобнае да хвалі абурэння ці хаця б абмеркавання? Упэўнены, што шмат хто цяпер упершыню даведаўся пра такое. Але пры чым гвалт дзяцей да палітыкі? Окей, патлумачым на іншым прыкладзе.
Міхаіл Жамчужны. Шмат хто яго імя і прозвішча зараз прачытае ўпершыню, хоць за кратамі чалавек з лета 2015 года. Ён афіцыйна прызнаны палітвязнем праваабарончымі арганізацыямі Беларусі. І калі шчыра, гэты чалавек з’яўляецца адным з самых “карысных палітвязняў” за ўсю гісторыю, бо сам займаўся абаронай правоў асуджаных у месцах затрымання. Інтэлігентны чалавек, дацэнт, кандыдат тэхналагічных навук, аўтар некалькіх манаграфій і распрацовак. Але з боку СМІ да яго мінімальная ўвага, а для дэмакратычнай інтэрнэт-аўдыторыі ён канстантна застаецца ў цені.
Шматлікія вопытныя журналісты пацвердзяць, што часта назіралі такую сітуацыю: выкладваюць матэрыял-бомбу, важны з усіх пунктаў гледжання, а аўдыторыя маўкліва праглынае. Затое якая-небудзь неверагодная фігня абмяркоўваецца тыдзень. Забойствы? Карупцыя? Дзіцячыя смерці і суіцыды? Пфф, што-небудзь пра бонсцікаў нам падайце, спадары.

Такое адчуванне, што сілы зла ў Беларусі апранаюць плашч-невідзімку і становяцца нябачнымі для большасці гледачоў. Гэта дазваляе паспяхова дзейнічаць злу і далей ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
АПАТЫЯ ЯК ГАЛОЎНАЯ АПОРА АЎТАРЫТАРЫЗМУ
У савецкі час тых, каму не было ўсё адно, прызнавалі “псіхічна ненармальнымі” і часта адпраўлялі ў дурдом. Беларуская ўлада і цяпер часам ужывае такую тактыку. Але самае цікавае, што і пэўная частка нашага “прагрэсіўнага” грамадства такім жа чынам паступае са сваімі ж. Блогер-урбаніст спрабуе шчыра зрабіць свой горад лепш – “фу, пазёр, вечна піярыцца, калі ўжо ён супакоіцца, самалюбівы гламурны нарцыс”. Некаторыя палітыкі не вылазяць з содняў, жывуць без грантаў і паспяхова абараняюць Курапаты – “фу, дык яны ж вернікі, паехаўшыя цемрашалы, яшчэ пэўна і моляцца кожны дзень, гггг”. Што казаць, на свае вочы бачыў, як беларускамоўныя тупа ненавідзяць тых, хто абараняе правы і адначасова папулярызуе нашу родную мову. Ды і ў аўтара гэтых радкоў ужо ёсць каля некалькіх дзясяткаў актыўных хейтэраў.

У СССР любы, хто самаахвярна змагаўся за правы ўсіх грамадзян, часта станавіўся “псіхам” і “ненармальным” у вачах звычайнага грамадзяніна. Зараз пераемнікам саўковай ментальнасці працягвае моцна пячы ў задніцы праз тых, хто спрабуе ўскалыхнуць багну. Бо ўшчэмленае баязлівае эга недаразвітых персанажаў шэпча: “Яны гэта робяць з-за нейкіх выгод, дзеля грошай або грантаў, папулярнасці ці ўвагі, шанавання або любові.”
Але больш шкоды не ад хейтэраў, а ад тых, каму папросту пофігу. Мяжа іх інтарэсаў – асабістая перапіска ў VK, прагноз надвор’я і зрэдку прагляд курсу валют. Палітыка для іх падобная да астралогіі – нейкая незразумелая фігня, якой займаюцца дзівакаватыя людзі.
Калі колькасць апатычных грамадзян значна перавышае тых, хто хоць бы раз у тыдзень чытае навіны, можна рабіць што заўгодна. Саджаць палітычных апанентаў, спойваць народ, уводзіць разнастайныя падаткі, праводзіць парады, будаваць колькі заўгодна рэзідэнцый. Махнулі БЧБ на плошчы свайго горада – і вось ужо да вас едзе сіні бусік. А што там дзяцей хтосьці гадамі гвалтуе, ну гэта так, дробязі, не будзем звяртаць увагі. Высокапастаўленыя чыноўнікі атрымліваюць бясплатна зямлю ў Драздах і публічна заклікаюць беларусаў працаваць на двух працах. Садзяць беларускіх патрыётаў, але не чапаюць прарасейскіх чарнасоценцаў. Па БТ чарняць Захад, а пасля самі кленчаць у іх крэдыты. Усё гэта робіцца толькі дзякуючы апатыі значнай часткі насельніцтва. Нават плашч-невідзімка не патрэбны.
ГАЛОЎНАЯ ЗБРОЯ БЕЛАРУСА
“Выхад мільёна беларусаў на Плошчу”, “Беларускі Майдан”, “Агульнанацыянальная забастоўка” – усё гэта гучыць добра, крута і дзёрзка, але пакуль што далёка ад беларускай рэальнасці. У аўтарытарызму, як і ў кожнай хваробы, ёсць свой пачатак, асноўнай перыяд і тэрмінальная стадыя. Так, масавыя пратэсты часта становяцца фінальнай стадыяй шматлікіх рэжымаў, але гэта не абавязковае правіла. Можна знайсці сотні прыкладаў у гісторыі іншых краін, апытаць 1000 экспертаў і палітолагаў і ўсё роўна не адгадаць, якім будзе канец: Плошча ці рэформы, звяржэнне або мірная перадача ўлады, крывавая вайна ці мірныя перамены.
Але як шматлікія цяжкахворыя, мы чакаем фіналу і развязкі хваробы, у душы спадзеючыся на больш хуткае вылячэнне, а заадно глытаючы абязбольваючае ў выглядзе бясконцых загалоўкаў тыпу “Дыктатура хутка абрынецца”. І так ужо 23 гады. Можа, сапраўды ўсё абваліцца заўтра, але так шмат хто думаў яшчэ ў далёкім 1996-ым. Ніхто не ведае даты канца, а хто кажа, што ведае, – хлусіць.
Самыя галоўныя лекі, самы лепшы антыбіётык супраць усіх відаў аўтарытарызму – ГЭТА ЦІКАВАСЦЬ. Так, самая звычайная цікавасць. Цемра любіць апатыю і роспач, пасіўнасць і нуду, ахінаецца ёй, быццам мяккім утульным пледам. Чалавек, якому цікава, куды ідуць яго падаткі, чаму людзі сядзяць за палітыку, чаму ў нас падае эканоміка, што адбываецца ў маім двары і горадзе, – неверагодна небяспечны і адразу парушае камфорт улады. Ён пачынае пытацца, уносіць смуту, абуджаць іншых, прыцягваць увагу да тых рэчаў, якія старанна хавалі. Калі шмат людзей цікавяцца, і іх увага накіраваная на нешта канкрэтнае, тады ўтворыцца яскравы пякучы прамень. Такі ж, якім вы ў дзяцінстве падпальвалі дрэва з дапамогай лупы і сонца. Улады адчуваюць гэта паленне і не могуць не рэагаваць. Цемра рассейваецца ад промня і мы бачым, што адбываецца на самой справе.
АДКУЛЬ УЗЯЦЦА ЦІКАВАСЦІ?
Цікавасць з’яўляецца не проста так. Яна залежыць ад вельмі простай, але адначасова вельмі важнай рэчы. Усведамлення, што Беларусь – гэта вашая зямля. Літаральна фізічна, арганічна. Вы нарадзіліся тут, і гэта ўсё ваша. Не службоўцаў, не якіх-небудзь паноў, а канкрэтна вось тваё. І тваё. І вось тваё таксама. Кожнага.
Пачынаючы ад пад’езда і заканчваючы парламентам, ад суседа-алкаголіка да міністра, ад твайго двара да дзяржаўнага бюджэту – усё тваё. Межы і лясы, стадыёны і палі, неба і зямля – усё даецца табе па праву Богам і Канстытуцыяй, правам нараджэння і міжнароднымі дэкларацыямі, гісторыяй і сучаснасцю.
Нікога не трэба пераконваць сачыць за змесцівам гаманца або лядоўні, цікавасць узнікае аўтаматычна з-за пачуцця ўласнасці. Але вось пачуццё ўласнасці ў дачыненні да краіны ёсць у лічаных адсоткаў. Калі вам не цікава тое, што вам належыць па праву, то якога фіга нехта будзе дбаць аб вашым дабрабыце? Кінутыя рэчы абавязкова хтосьці возьме сабе. Вашу свабоду, вашыя грошы, вашыя патэнцыялы, магчымасць самарэалізавацца і жыць шчасліва. Калі няпрошаны госць палезе да цябе ў гаманец або лядоўню, то ты як мінімум заенчыш і выклікаеш міліцыю. Але калі забіраюць куды больш важнае – цэлую краіну – шмат хто апатычна нават не пікне.
Вось і ўвесь рэцэпт на ўсе стагоддзі. У вас ёсць свая зямля. Вы абавязаны за яе біцца, крычаць, клікаць на дапамогу. Калі не хапае моцы і смеласці, то вы будзеце дапамагаць, як можаце, тым, у каго яе хапае. І абапіраючыся на вас, будуць нараджацца беларускія героі, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля агульнага дабра.
ГАЛОЎНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ – ГЭТА ТЫ
Калі ты да канца, да самых глыбінь усведамляеш, што Беларусь – выключна твая краіна, адбудзецца і нараджэнне сапраўднай цікавасці. Твая цікавасць аб’яднаецца з іншымі, а пасля будзе ўзмоцненая праз “інфармацыйную лупу” у выглядзе незалежных медыя, сацыяльных сетак і блогераў. І ўладзе спачатку будзе свярбець, а потым паліць у розных месцах ад такой увагі. Тады ў яе будзе выбар – альбо дзесьці ісці на саступкі і мяняцца, альбо цярпець і раніць сябе так, што можна і раптоўна сканаць.
Твая краіна, тваё жыццё, тваё права, твая цікавасць. Толькі так.
Записи
— (Русский) Что такое "культурный марксизм"? Разбираем истоки современных общественных трендов — (Русский) ТОП 5 великих полководцев ВКЛ, которых вы должны знать — (Русский) Жизнь после папы. Как сложились судьбы детей знаменитых диктаторов — Как БРСМ и провластная молодёжь поддерживает оккупацию Крыма — (Русский) Уроки политической грамотности. Действительно ли фашисты Италии и нацисты Германии были "правыми"?
