Нам нужна ваша помощь

Прочитайте наше обращение. Вы важнее, чем думаете.

Просмотреть
Скрыть
1863x

Политика

Фізіялогія Нацыяналізму

1863x, 28 November 2014

Нацыяналізм – гэта адно з тых супярэчлівых адкрыцьцяў ХІХ стагодзьдзя, ацэнкі якога па сёньняшні дзень адрозьніваюцца супрацьлегласьцю і нявызначанасьцю. З аднаго боку, менавіта пад сьцягам нацыяналізму вялікая колькасьць краін здолела вызваліцца з-пад прыгнёту наднацыянальных імперый, якія пагражалі падпарадкаваным народам уніфікацыяй іх мовы і культуры з паступовым зьвядзеньнем усёй іх культурнай разнастайнасьці да нейкага адзінага ўзору дамінуючага ў імперыі этнасу. Але, зь іншага боку, некаторыя краіны захапіліся нацыяналізмам настолькі, што ён у іх пачаў прымаць пагрозьлівыя гіпертрафаваныя формы. Прыклад нацысцкай Нямеччыны ў гэтым шэрагу самы яскравы, але далёка не адзіны.
Што ж гэта за з’ява такая супярэчлівая, якая адначасова “і лечыць, і калечыць”? Паспрабуем зразумець гэта праз больш дэталёвы разбор таго, што менавіта робіць гэты самы нацыяналізм у нашым грамадзтве. Ці, калі больш дакладна, што мы робім самі з сабой зь яго дапамогай. Спачатку паспрабуем знайсьці вытокі нацыяналізма.
Слова “нацыяналізм” узьнікла ад слова “нацыя”. Нацыя – гэта (ад лац. natio – племя, народ) сацыяльна-эканамічная, культурна-палітычная і духоўная супольнасьць індустрыяльнай эпохі. Першымі сучаснымі нацыямі, па сьцьвярджэньні класіка дасьледаваньня нацыяналізму Бенедыкта Андэрсана, былі лацінаамерыканскія, якія сфармаваліся ў ходзе барацьбы супраць іспанскай кароны, за якімі зь невялікім адрывам рушылі ўсьлед ЗША і затым Францыя.

anderson

Бенедыкт Андэрсан

Упершыню разуменьне нацыя ў яго палітычным значэньні з’явілася менавіта падчас Вялікай Французкай рэвалюцыі, калі паўстала неабходнасьць сфармаваць нейкую агульнасьць наўзамен страчанага “падданства французскай кароне”. Раней 1750 выявіць зародкі нацыяналізму ўжо вельмі складана, нацыяналізм – феномен Новага часу. У 1800-я гады паўстаў нямецкі нацыяналізм, затым рушылі ўсьлед нацыяналізм Грэцыі і скандынаўскіх краін (1810-20 гады), італьянскі нацыяналізм (1830-я гады), у 1850-1900 гадах нацыяналізм распаўсюдзіўся на краіны Усходняй Еўропы і ў Індыю, а ў пачатку 20 ст. – у краіны Азіі і Афрыкі. Самымі гістарычна маладымі нацыямі сталі нацыі в’етнамцаў і камбаджыйцаў – іх нараджэньне прыйшлося на 1930-50 гады.Такім чынам, ідэалогія нацыяналізму ў адным са сваіх асьпектаў заключаецца ў адасабленьні і вылучэньні асобнай нацыі з агульнай колькасьці народнасцяў, якія пражывалі да ўзнікненьня нацыі на пэўнай тэрыторыі. Пасля адасабленьня нацыі парадыгма нацыяналізму пачынае працаваць на станаўленьне, абарону і ўмацаваньне сваёй нацыі (пар. станаўленьне большасьці славянскіх нацый падчас распаду Аўстра-Вугорскай імперыі).
Але ці значыць гэта, што да эпохі Новага часу ніякія іншыя этнасы не імкнуліся абараніць і ўмацаваць сваё становішча сярод іншых? У такіх вялікіх маштабах як сёньня, канешна, не. Але ў больш дробных этнічных супольнасьцях мы можам знайсьці нешта падобнае. Хаця ў такіх выпадках казаць аб нацыяналізме нельга ні ў якім разе. Тут самы паказальны прыклад – старажытнагрэцкія полісы. Калі выключыць з дэфініцыі разуменьня слова “нацыя” індустрыяльную эпоху, то ўсё астатняе цудоўна пасуе сярэднестатыстычнаму жыхару старажытных Афін, або іншага суседняга горада. Жыхары аднаго горада вельмі шчыльна адчувалі паміж сабой як сацыяльна-эканамічныя, так і культурна-палітычныя, і духоўныя сувязі, якія ператваралі іх усіх у адзіную супольнасьць горада-дзяржавы.

afins
Чым, так мовіць, нацыяналізм старажытных грэкаў адрозьніваўся ад сучаснага нацыяналізму? Па вялікаму рахунку толькі арэалам свайго распаўсюджваньня. Які, у сваю чаргу, залежыць менавіта ад тэхналагічнага разьвіцьця дадзенай супольнасьці. Тут трэба заўважыць такую акалічнасьць – выключна палітычная падпарадкаванасьць ня можа стварыць з падпарадкаваных этнасаў нацыю так хутка, як гэта робіць тэхналагічна-інфармацыйная ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасьць. Узгадаем усе велізарныя імперыі старажытнасьці. Як бы доўга яны не існавалі, але палітычна дамінуючыя этнасы ў іх так і ня здолелі з усіх народаў стварыць нейкую адзіную нацыю.

Таму так званы старажытны “нацыяналізм” заўсёды быў абмежаваны толькі невялікай тэрыторыяй канкрэтнага этнасу, межы якой дазвалялі насельніцтву быць цесна зьнітаваным паміж сабой эканамічна і інфармацыйна. Ва ўсіх астатніх сваіх дзеяньнях старажытныя “нацыі” паўтаралі тое ж самае, што і цяперашнія, агульнапрынятыя нацыі: станаўленьне, абарона і ўмацаваньне. Прычым, гэта ўласьціва ўсім старажытным супольнасьцям, ад самага дробнага племені, да высокаразьвітых народаў, якія нават здолелі стварыць свае імперыі.
Таму, мы можам дэфінаваць, што, такая грамадзкая з’ява як нацыяналізм, была заўсёды ўласьціва чалавецтву. А тэхналагічнае разьвіцьцё толькі надало гэтай з’яве ўжо надэтнічны, планетарны характар. Як прыклад – амерыканская нацыя, якая ня мае свайго дакладнага этнічнага базіса і збольшага складаецца з прадстаўнікоў самых разных этнасаў, але сам алгарытм разьвіцьця нацыі застаецца той самы: станаўленьне, абарона і ўмацаваньне. Наколькі ж глыбока ў сутнасьць чалавека ўходзіць гэтая з’ява? Падаецца, што глыбей, чым гэта можа нам падацца з цяперашняга нашага ўзроўню культурнага разьвіцьця. І для параўнаньня зірнем на навакольны сьвет. У прыватнасьці – на тых жывёл, якія жывуць у супольнасьці.

american
Як бы гэта не здавалася дзіўным, але, для выжываньня якой-небудзь жывёльнай супольнасьці, яе ўдзельнікам трэба выконваць той жа самы алгарытм дзеяньняў. Гэтым жывёлам трэба спачатку аб’яднацца, стварыць сваю супольнасьць – станаўленьне. Умець дапамагчы адзін аднаму абараніцца ад самых розных небясьпечных зьнешніх з’яў – абарона. Асваеньне магчыма большых арэалаў пражываньня, каб забясьпечыць неабходнымі сродкамі для жыцьця і сябе і сваіх нашчадкаў – умацаваньне.
Як бачна, паводзіны жывёл дакладна паўтараюць тыя працэсы, якія адбываюцца падчас станаўленьня нацыі. Праўда, назваць гэта жывёльным “нацыяналізмам” будзе, мякка кажучы, недарэчна, бо з жыцьця жывёл выпадаюць такія выключна чалавечыя фактары як культура, эканоміка, духоўнасьць. Але, тым ня менш, сам працэс разьвіцьця супольнасьці, ці то жывёльнай зграі, ці то чалавечай нацыі, атрымліваецца аднолькавым.

volk
І калі мы ўважліва зірнем на разьвіцьцё чалавечай нацыі, але, умоўна кажучы, ужо з боку зграі жывёл, то пабачым усё тое ж самае. Які-небудзь актыўны, пасіянарны этнас спачатку вылучае сваю самаідэнтычнасьць сярод сваіх суседзяў, а пасьля спрабуе пашырыць тэрыторыю свайго існаваньня, падмінаючы пад сябе слабейшых і баронячыся ад мацнейшых. Нічога прынцыпова адрознага ад таго, што мы можам убачыць сярод жывёл. Таму можна зрабіць наступную выснову, што, па сваёй сутнасьці, нацыяналізм – гэта тая ж самая барацьба за выжываньне, заснаваная на жывёльным інстынкце самазахаваньня і падмацаваная тэхналагічным прагрэсам абумоўленым чалавечым розумам.
Гучыць нават крыху зьбянтэжваючы. Атрымліваецца, што нацыяналізм – гэта жывёльны інстынкт. Але пужацца няма чаго. Ніколі нельга забывацца на тое, што чалавек – гэта істота дуалістычная. І акрамя сваёй духоўнай, разумовай сферы, чалавек яшчэ фізіялагічна карыстаецца тымі ж самымі інстынктыўнымі механізмамі, што і астатнія жывёлы вакол нас. Гэта цалкам нармальна. Іншая справа, што такое, здавалася б на першы погляд, ідэалістычнае разуменьне як “нацыяналізм” (і блізкі да яго “патрыятызм”), на самой справе з’яўляецца такім жа самым фізіялагічным інстынктам, як і многія іншыя. Падобна на тое, што нацыяналізм, як бы выказаўся ў свой час доктар З. Фройд, сублімаваўся з інстынктыўна-жывёльнага ўзроўню ў тэарэтычна-ідэалістычны.

Зыгмунд Фройд

Зыгмунд Фройд

Можа ўзьнікнуць пытаньне, як у такім выпадку нам ставіцца да нацыяналізму, калі на самой справе ён з’яўляецца такой жа самай жывёльнай патрэбай нашага арганізму як ежа, сон, сэкс, бясьпека і г.д.? Адказ адназначны: гэтак жа сама як і да ўсіх астатніх нашых жывёльных патрэб. Ні ў якім разе не ігнараваць, але і без фанатызму.
Калі мы ўвогуле адмовімся ад нацыяналізму, то гэта прывядзе да таго, што ў выніку мы згубім арэал свайго пражываньня, сваю мову, сваю нацыянальную самаідэнтычнасьць. І пасьля гэтага зьнікненьне нашага этнасу – гэта толькі пытаньне часу. Каб гэта не здавалася нечым далёкім, то трэба заўважыць, што гэты працэс ужо ідзе. Арэал свайго распаўсюджваньня мы ў значнай ступені згубілі (Беласток, Вільня, Дзьвінск, Смаленск). Нашая мова таксама балансуе на мяжы зьнікненьня. І як вынік частага негатыўнага ўздзеяньня звонку і памылковай унутранай палітыкі, нашая нацыянальная самаідэнтычнасьць таксама знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Як доказ – фенаменальная абыякавасьць пераважнай большасьці беларускага насельніцтва да лёсу сваёй краіны. Ня трэба будзе надта зьдзіўляцца, калі пры спробе інкарпарацыі нашай дзяржавы якой-небудзь іншай, беларускае насельніцтва ў сваёй большасьці прапусьціць гэтую падзею міма сябе – абы асабіста яго не чапалі.
Спосабы зьнішчэньня этнасу могуць быць рознымі: фізічны, духоўны і камбінаваны. Духоўны спосаб зьнішчэньня беларускага этнасу збольшага выкарыстоўвалі палякі, у выглядзе паланізацыі. Спачатку спантанай паланізацыі, у 18 ст., а пасьля мэтанакіраванай у міжваенны час 20-га ст. Фізічны спосаб зьнішчэньня нашага этнасу выкарыстоўвалі спантанным чынам расейцы, падчас 13-гадовай вайны ў 17 ст., і мэтанакіравана немцы, падчас 2-й Сусьветнай вайны. Камбінавана, фізічна-духоўна, беларускі этнас зьнішчалі нашыя расейскія суседзі ў 19 і асабліва ў 20 стст.
Усе гэтыя намаганьні – рэгулярнае фізічнае зьнішчэньне інтэлектуальнай эліты і найбольш вытворчых чалавечых рэсурсаў, каланіяльны культурны ціск на мясцовую культуру з адначасовым насаджэньнем сваёй – далі свой плён. У выніку зь беларускага этнасу так і ня здолела стварыцца нацыя. Паводле Бенедыкта Андэрсана гістарычна самымі маладымі нацыямі сталі в’етнамцы і камбаджыйцы. Але ў нас ёсьць усе шансы абыйсьці іх па маладосьці. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі мы ўсё ж такі здолеем стаць нацыяй. Бо ў сёньняшняй гістарычнай сітуацыі гэта досыць складана. У сувязі з тым, што цяперашняя каланіяльная экспансія магутных дзяржаў часьцей ідзе па больш вытанчанай схеме, чым ранейшая прымітыўная ўзброеная інтэрвенцыя. У сёньняшнім высокатэхналагічным сьвеце, каб падпарадкаваць сабе суседнюю, слабейшую краіну, дастаткова зрабіць яе эканамічна залежнай. Калі ўдасца гэта зрабіць, то, выкарыстоўваючы эканамічныя механізмы лёгка перацягваць да сябе мясцовую інтэлектуальную эліту (т.зв. “выпампоўка мазгоў”). Такім чынам этнас эканамічна залежнай дзяржавы застаецца без таго жыцьцёва неабходнага слоя інтэлігенцыі, які можа духоўна абгрунтаваць і зафіксаваць народжаную нацыю.

mihailov-stas
У сваю ж чаргу дзяржавы-каланізатары, зноў-такі, выкарыстоўваючы эканамічныя механізмы, пачынаюць актыўна экспартаваць у свае эканамічна залежныя калоніі сваю культуру. Пры гэтым, пры канкурэнцыі культур, у масавую сьвядомасьць насаджваецца прынцып, што менавіта тая культура найбольш вартая, у якую ўкладзена больш грошай. (Як прыклад, знакамітая поп-музыка, якая пры мінімальных мастацкіх і духоўных якасьцях становіцца “шэдэўрам” у сучасным грамадзтве. Менавіта з-за таго, што яе кошт штучным чынам узьняты неверагодна высока дзякуючы пануючым у нашым жыцьці мас-медыя.)

serebro
Адпаведна, калі эканамічна залежная краіна ня можа ўкласьці ў сваю культуру столькі грошай, значыць і яе культура з’яўляецца непаўнавартаснай. Пры гэтым на яе фактычную духоўна-мастацкую каштоўнасьць адмыслова ніхто не зьвяртае ўвагі. І няма нікога, хто мог бы даказаць зваротнае, бо амаль ўся мясцовая этнічная інтэлігенцыя ўжо эмігравала ў багацейшыя краіны. Далей наступае лагічная разьвязка. Простае насельніцтва эканамічна залежнай краіны, ня маючы дастатковай альтэрнатывы з боку сваёй этнічнай культуры, паступова пачынае выкарыстоўваць тую культуру, якую ім экспартуе разам са сваімі таварамі пануючая над іх краінай эканамічна-фінансавая метраполія. Паступова пераймаюцца, чужыя звычкі, сьвяты, паводзіны, творы мастацтва, мова. А чужая мова, як ужо была зазначана ў ранейшым артыкуле, праз семантычныя ланцужкі (ужо на фізіялагічным узроўні!!!) стварае чужы менталітэт. І так ціха, спакойна, без усякай страляніны, эканамічна залежны этнас ператвараецца ў той, ад якога ён залежыць. А дзяржаўныя межы на палітычнай мапе толькі на гэтай мапе і застаюцца.

russian-fans-minsk
Адзінае, што некаторы час здольна яшчэ адрозьніваць этнас ад іншых – генэтыка. Але адна яна сама па сабе ня здольная нешта зьмяніць, бо пры моцным культурным і эканамічным узьдзеяньні людзі хутка перастаюць зьвяртаць на яе ўвагу. Найлепшы прыклад – ЗША, дзе людзі самых розных этнасаў сьвядома лічаць сябе самымі сапраўднымі амерыканцамі, поўнасьцю ігнаруючы тое, якое генэтычнае паходжаньне яны маюць. І менавіта ЗША сталі першай імперыяй новага тыпу, якая пачала падпарадкоўваць астатнія краіны ня толькі зброяй, але і эканамічна, паступова павялічваючы ў сваіх эканамічных калоніях свой культурны ўплыў, і тым самым робіць мясцовае насельніцтва падобным на сябе. Зразумела, што ў такім выпадку каланіяльнаму народу спадзявацца на з’яўленьне сваёй нацыі на базе мясцовага этнасу не выпадае. Па такому ж шляху эканамічнай экспансіі паспрабавалі пайсьці некаторыя еўрапейскія краіны, але ў сілу розных прычын дасягнуць такіх посьпехаў як ЗША яны ня здолелі.

white-house
Адзіная краіна, якая на сёньняшні дзень можа скласьці канкурэнцыю ЗША ў стварэньні эканамічна-культурнай імперыі – гэта Расея. Спачатку Расея пачала складвацца як звычайная класічная імперыя, заваёўваючы свае новыя каланіяльныя ўладаньні зброяй. Але 20 стагодзьдзе ўнесла свае карэктывы – са з’яўленьнем зброі масавага паражэньня грубая заваёўніцкая палітыка стала небясьпечнай для саміх агрэсараў. Трэба было шукаць новыя метады. Таму, пасьля таго як Расейская імперыя скончыла свой эксперымент з пабудаваньнем камунізма, яна перайшла на выкарыстаньне ўжо абкатанага ЗША спосабу пабудаваньня імперый новага тыпу. І на сёньняшні дзень выразна бачна як Расея імкнецца праз энэргетычныя рэсурсы падпарадкаваць сабе эканомікі сваіх суседзяў. Плюс да таго ў Расеі ёсьць добры бонус у выглядзе панаваньня над суседзямі на працягу 18-20 стст., падчас якога Расея пасьпела асіміляваць шматлікія мясцовыя этнасы на заваяваных тэрыторыях, у выніку чаго многія зь іх ужо зьніклі. А ў суседніх дзяржавах Расея пасьпела многа дзе ўкараніць сваю культуру. Не паўсюль гэта атрымалася пасьпяхова, але ў выпадку Беларусі вынікі ёсьць. Праўда, адсутнасьць такой эканамічнай магутнасці як у ЗША не дазваляе Расеі заўсёды пасьпяхова дасягаць сваіх мэтаў і таму час ад часу даводзіцца выкарыстоўваць старыя метады стварэньня сваёй імперыі гвалтоўным чынам. Як прыклад – дзьве вайны ў Чачні і сёньняшняя вайна ва Украіне.
І Беларусь таксама не засталася ў баку ад імперскіх інтарэсаў Расеі. Падчас упартых намаганьняў, на працягу стагодзьдзяў палітычна і эканамічна інкарпараваць нашу краіну, наш усходні сусед здолеў амаль цалкам насадзіць нам сваю мову і моцна зьмяніў наш сьветапогляд, з-за чаго большасьць мясцовага насельніцтва часта атаясамліваюць сябе з этнічна, гістарычна і культурна чужымі для нас расейцамі. А такая ментальная метамарфоза можа прывесьці да таго, што мы, зусім нядаўна стаўшы самастойнымі, зноў можам трапіць у поўную залежнасьць да нашага ўсходняга суседа. Толькі на гэты раз, з трансфармаванай народнай ментальнасьцю, ужо без супраціўленьня. Да чаго гэта можа прывесьці нас у будучыні? Мы можам падзяліць лёс раней заваяваных і асіміляваных Расеяй народаў – існуючы некаторы час этнічна беларусамі, адначасова ментальна поўнасьцю ператварыцца ў расейцаў. Вобразна кажучы, мы будзем некаторы час як этнас-“франкенштайн” – фізічнае цела ёсьць, жыве, а душы няма. Але толькі некаторы час, бо паступова ў вялізным імперскім этнічным “плавільным катле” і этнічная самаідэнтычнасьць растварыцца сярод вялікай колькасьці такіх жа самых асіміляваных “рускіх” этнасаў. І тады можна будзе з поўнай упэўненасьцю канстатаваць сьмерць нашага народу, і духоўную, і фізічную.

fuckin_russian_inviders
І вось менавіта ў такі сьмяротна небясьпечны момант можа праявіцца ў народзе інстынкт самазахаваньня, як і ў любым жывым стварэньні, якое змагаецца за сваё жыцьцё. Зразумела, што ў этнасе інстынкт самазахаваньня выглядае інакш, чым у звычайнага чалавека. У чалавека – гэта выпрацоўка вялікай колькасьці адрэналіну. У народа – хуткае распаўсюджваньне нацыяналізма. З’явы розныя, але іх аб’ядноўвае адно – фізіялагічны інстынкт самазахаваньня свайго жыцьця. Адрозьніваецца і механізм дзеяньня. У чалавека пры ўзьдзеяньні адрэналіну імкліва павышаюцца ўсе дадзеныя яму прыродай фізіялагічныя магчымасьці, якія на працягу жыцьця стрымліваюцца яго падсьвядомасьцю, каб не перагружаць арганізм чалавека. Але пры сьмяротнай небяспецы, пры ўзьдзеяньні адрэналіну ўсе патэнцыйныя здольнасьці чалавека вызваляюцца з пад кантролю падсьвядомасьці і чалавек можа вырабляць такія рэчы, якія ў нармальным стане ніколі ня здолеў бы зрабіць.
Працэс самавыратаваньня народу з дапамогай нацыяналізму выглядае крыху інакш. У адрозьненьні ад аднаго чалавека, у цэлым народзе моцна актывізуюцца не фізіялагічныя, а духоўныя механізмы самазахаваньня. Людзі пачынаюць усё больш увагі надаваць сваёй этнічнай духоўнай існасьці. Нават, калі іх этнічная культура не з’яўляецца камерцыйна прыбытковай у параўнаньні з культурай эканамічна мацнейшых суседзяў. Галоўным пунктам намаганьняў пры захаваньні сваёй культуры з’яўляецца мова этнасу. Бо менавіта мова з’яўляецца тым самым унікальным этнічным інфармацыйным кодам, з дапамогай якога этнас можа стварыць усю сваю культуру, і духоўную, і матэрыяльную. А гэта этнічная аўтэнтычная культура, у сваю чаргу, дазваляе народу пасьпяхова вылучаць сябе сярод усіх суседніх культур і дае базу для тэарэтычнага абгрунтаваньня і практычнага стварэньня на сваёй этнічнай тэрыторыі трывалай этнічнай супольнасьці – нацыянальнай дзяржавы. І тым самым этнас захоўвае сваё існаваньне.

mova-srodak
Спецыфіка жывёльнага інстынкту самазахаваньня ў тым, што, калі яго няма ўвогуле, то, ці чалавек, ці этнас, аднолькава асуджаныя на сьмерць праз нядоўгі час. Але калі гэты інстынкт будзе актывізаваны занадта доўга, то гэта таксама можа прывесьці да негатыўных вынікаў. Чалавек пад пастаянным узьдзеяньнем адрэналіну проста “перагарыць” знутры. А пастаяннае ўзьдзяньне нацыяналізму на этнас рызыкуе незаўважна ператварыцца ў нацызм, які аднолькава можа зьнішчыць ня толькі сам этнас, але і яго суседзяў. Бо нельга забываць, што духоўнае ўзмацненьне этнасу нацыяналізмам накіравана дзеля чыста фізічнага яго выжываньня. Якое, у сваю чаргу, з’яўляецца вельмі падобным на тое, што мы можам назіраць сярод дзікіх жывёл, пра што ўжо было сказана вышэй. Таму абуджаць этнічны жывёльны інстынкт самазахаваньня з дапамогай нацыяналізму трэба толькі ў небясьпечны момант існаваньня народу, калі зьнікае яго мова, яго культура, а значыць праз кароткі час можа зьнікнуць і сам народ. Але пры гэтым трэба быць вельмі ўважлівым і асьцярожным, каб не згубіць кантроль над тым “зьверам”, якога трэба абудзіць у народзе, каб выратаваць гэты народ ад зьнікненьня.
Наколькі нацыяналізм на сёньняшні дзень неабходны для беларусаў? З улікам таго, што да сёньняшняга дня беларусы цалкам яшчэ не ўсьвядомілі сябе нейкай адзінай, самастойнай і арыгінальнай этнічнай супольнасьцю, можна рабіць выснову, што беларуская нацыя дагэтуль яшчэ не аформілася. Беларуская мова збольшага выкарыстоўваецца толькі нешматлікімі аматарамі-энтузіястамі, са штодзённага побыту шэраговага беларуса яна амаль цалкам выключана. Беларуская культура актыўна запазычвае розныя ўзоры як з Захаду, так і з Расеі. Прытым, што свая, аўтэнтычная культура, зноў такі ледзь ліпее дзякуючы тым жа самым нешматлікім беларускім ідэалістам.
Калі ўсё гэта падсумаваць, то выяўна бачна блізкая перспектыва зьнікненьня беларусаў як этнасу. А гэта значыць, што калі мы хочам чыста фізічна выжыць, то нам трэба тэрмінова распачынаць у дзяржаве палітыку нацыяналізма. Безумоўна, гэта трэба рабіць асьцярожна, каб выпадкова не перагнуць палку. Але марудзіць ні ў якім разе нельга, калі ня хочам вымерці як дыназаўры.

Аўтар – Belariy

Поддержать проект 1863x.com

  • f k

    Ну вот здорава. Чыста цікавасці дзеля пытання: няўжо беларускі нацыяналіст не лічыць для сябе прынцыпова важным – засвоіць пісьменную беларускую мову? калі не ў вымаўленні (беларуская фанетыка адметная ад рускай, і тут трэба таксама шмат намаганняў, і не заўсёды за сабой усочыш, і, урэшце рэшт, прыз няпэўны), дык хаця б на пісьме? ну добра, аўтар не ведае, што ў тарашкевіцы мяккі знак пішацца не толькі ў слове “зьнікненьне”, але і ў слове “зьява”, але ж авалодаць канчаткамі назоўнікаў мужчынскага роду роднага склону – можна, яны і ў тарашкевіцу пасуюць, і ў наркамаўку. напрыклад, слова нацыяналізм у родным склоне – заўсёды з -у, а ў аўтара пераважае -а. такі вот узор нашага стаўлення да дэкларацыйна аднаго з найважнейшых багаццяў нацыі – да мовы. можна колькі заўгодна прысягаць на вернасць беларускай нацыі, беларускай мове і беларускай культуры, але калі ты не ў змозе выдаткаваць хаця б мінімальны аб’ём часу і прапанаваць грамадзе ўзор пісьменнасці (і далей, паводле спіса: палітычнай адказнасці, грамадскай ангажаванасці і г.д.), то хто за табой пойдзе?

    індукаваць з гэтай дрымучай неабазнанасці ў дэкларацыйна-роднай мове можна, на маю думку, адну з важных праблем сённяшняга беларускага грамадства – брак кампетэнтнасці. няўжо нехта ўсур’ёз лічыць, напрыклад, што без выканання мінімальных перадумоў можна спадзявацца на атрымання крэдыта даверу з боку грамадства, і неяк паўплываць у далейшым на ягонае развіццё? адказ відавочны. але многія беларусы працягваюць так лічыць.

    вяртаючыся да тэксту, гэта не адзіная прэтэнзія. можна і па змесце нешта сказаць. напрыклад, аўтар ведае Б. Андэрсана, крута. але чытаў яго і іншых класікаў сучаснай тэорыі нацыяналізмаў яўна павярхоўна і бегла, бо ў адваротным выпадку не стаў бы пісаць пра нацыяналізм: “на самой справе ён з’яўляецца такой жа самай жывёльнай патрэбай нашага арганізму як ежа, сон, сэкс, бясьпека і г.д.”. ну смешна, чэснае слова.

    і на астачу. мая крытыка, спадзяюся, гэта зразумела, мае на мэце не высмейванне ці паліванне брудам, але спрыянне далейшаму развіццю беларускага нацыяналізму, павышэнню ягонай унутранай якасці – хаця б з пункту гледжання вонкавай самавітасці, то-бок у першую чаргу – культурнасці (бо ўнутраная якасць у дадзеным выпадку – наяўнасць масавага палітычнага ўдзелу пад сцягамі памянёнай ідэалогіі, – на жаль, залежыць ад мноства фактараў).

    • Yury Lauresh

      Вы адабьеце ўсё жаданне пісаць па-беларуску. Хто як можа той так і піша, што чапляцца.

      • f k

        Гэта пытанне прынцыпаў. Не маіх, а тых людзей, якія шкадуюць часу на беларускую мову. Калі ў мяне няма часу, каб вывучыць бел. мову, то ці маю я права, напрыклад, нешта пра “Нашая мова таксама балансуе на мяжы зьнікненьня”? Я думаю, што не.

        Хай пішуць! Толькі пры гэтым трэба разумець, як мэтавызначэнне павінна суадносіцца з рэаліямі. Калі пішаш па-беларуску непісьменна, дык хаця б зменшы патэтыку і абсяг патрабаванняў.

        • guest

          А у вас не завышены требования?.. В том то и дело, что получается – тот кто пытается писать/говорить на “мове” – получает пинок “ага, что ж ты националист этакий окончания не выучил! садись, 2!” – это пол беды. Так еще в тех, кто лишь собирается начать говорить/писать на родном языке, вырабатывается комплекс неполноценности “ой, я же не знаю бел.мову в совершенстве, а вдруг я не так скажу? не то напишу?” и в итоге “ай, буду говорить привычно, по-русски”. Может так не всегда и не у всех, но в нашем случае – забитости родного языка и культуры в целом, даже несколько таких случаев – печальный итог…

          • f k

            вы не зразумелі змест маіх каментарыяў, яны не пра тое, пра што пішаце вы

          • Несцераў

            Гэта бар’ер пры вывучэнні і ўжыванні любой мовы, не толькі беларускай. І ў любой краіне ёсць людзі, якія вас падтрымаюць і акуратна выправяць, і людзі, якія скажуць: слухай, завязвай, давай лепш па-англійску. Мне здаецца, усё пытанне ў велічыні вашага жадання. Калі вы трошачку хочаце гаварыць па-беларуску, то па-беларуску ў Беларусі вы гаварыць не будзеце. У сучасных умовах. Таму што будзе вельмі проста саскочыць назад.

        • Несцераў

          Мне здаецца, вы самі сабе нейкі кодэкс чэсці прыдумалі. Нават калі чалавек аднойчы сфармулюе для сябе думку пра небяспеку знікнення беларускай мовы, і хай яна будзе гучаць па-расійску, гэта ўжо вялікі крок наперад. І калі ён нават па-расійску будзе заклікаць сваіх знаёмых звярнуць увагу на праблему, гэта вялікі крок наперад у атмасферы абыякавасці.

          • f k

            ок. толькі хай тады будзе гатовы і да іншых варыянтаў – напрыклад, усе застануцца безуважныя да такіх заклікаў.
            але я зычу поспеху, безумоўна.

          • Несцераў

            Ды па-разному можа быць. Я канчаткова вырашыў перайсці на беларускую пасля дыялогу з дзяўчынай з паралельнай групы па-расійску. Прычым я максімаліст, а таму на беларускую мову перайшоў адразу і цалкам. Балазе, у школе вучылі добра, таму гэта не было праблемай. Гледзячы куды ўпадзе зерне. Камусьці можа не хапаць усяго дробачкі. 🙂

            P. S. Быў максімаліст. ;)))))

    • наконт мовы, згодзен.
      нажаль, я вучыўся не на філалагічным факультэце. і я адношуся да так званых натуралізаваных беларусаў. то бок мая семантычная мова, калі быць цалкам дакладным – гэта “трасянка”. таму ў мяне памылкі будуць у любым выпадку, ці я пісаў бы на “наркамаўцы”, ці на “тарашкевіцы”.
      а датычна паходжаньня нацыяналізму, як і многіх іншых праяў нашага жыцьця, проста я спрабую зьвярнуць увагу на тое, што яны маюць намнога больш глыбокае паходжаньне, чым наша чалавечая цывілізацыя. а менавіта, шмат у чым зьвязана з элементарнымі жывёльнымі патрабаваньнямі, як і шмат чаго іншага вакол нас, на што мы элементарна не зьвяртаем увагі.

      • f k

        ну добра, што згодныя наконт мовы. я дык таксама не вучыўся на філалагічным факультэце, мая радная рэч – трасянка. ну да ладна.
        наконт ідэі пошукаў глыбінных каранёў нацыяналізму таксама прынцыпова не згодзен. на мой густ, усё гэта – чыста культурны феномен. ну, натуральна, можна разважаць і пра нейкія аб’ектыўнейшыя рэчы (чаму людзі групуюцца і пад.), але ў мяне такія разважанні выклікаюць недавер. перш за ўсё дзеля таго, што гэта, кажучы па Поперу, абсалютна не фальсіфікавальныя веды. я дык не надта знаюся на псіхалогіі і пад. рэчах, але падазраю, што яны трудныя і пакідаюць шырокі абсяг для інтэрпрэтацый, тады як дакументацыя і вытлумачэнне нацыяналізму з перспектывы сацыягуманітарных навук – занятак займальны і прадукцыйны і адпаведны ўсім стандртам Попера. 🙂

        • 1863x

          Знаете, я скоро некоторых начну дразнить моваватой). Нельзя требовать от больного, который только начинает очухиваться от комы, сразу же бежать стометровку. Мы не привлечем массы людей, если будем неадекватными максималистами в отношении беларуского языка.

          • падтрымліваю.
            мая сястра ўпершыню ў сваім жыцьці зацікавілася беларускай мовай. дзякуючы украінскім падзеям. і яна папрасіла мяне, каб я зь ёй заўсёды размаўляў толькі па-беларуску.
            я ёй параіў гэты сайт. і ёй ён вельмі спадабаўся. таму што матэрыялы вельмі цікавыя і напісаныя па-расейску. бо чытаць па-беларуску ёй пакуль што надта цяжка.
            іншымі словамі ў ёй пачала прачынацца беларуская самасьвядомасьць. але калі на гэтым этапе пачаць яе гвалтоўна ціснуць выключна беларускай мовай, то яна ня вытрымае і проста адмовіцца ад яе.
            вельмі правільна заўважана, што нельга патрабаваць ад хворага, які толькі пачаў станавіцца на ногі, каб ён адразу пачаў бегаць у спрынце.

          • f k

            мне здаецца, узнікла непаразуменне. у пытанні “няўжо беларускі нацыяналіст не лічыць для сябе прынцыпова важным – засвоіць пісьменную беларускую мову?” акцэнт павінен рабіцца на слове беларускі нацыяналіст, а не на словах засвоіць, пісьменны, беларуская мова 🙂
            карацей кажучы, не ў мове дзела. але, мусіць, гэта не вельмі ўжо і важна, раз праблему перавялі ў звычайную для беларускіх дэбатаў плоскасць 🙂

        • вось у тым і справа, што вывучаючы чалавека мы робім ціск на сацыягуманітарныя навукі. безумоўна, гэта трэба. але так як я цікаўлюся псіхалогіяй чалавека, то я ніколі не забываю, што чалавек – гэта істота дуалістычная, як я казаў у артыкуле. з аднаго боку мы істоты разумовыя. і каб нас зразумець, трэба выкарыстоўваць увесь комплекс сацыягуманітарных навук. але з іншага боку мы – самыя звычайныя жывёлы. і намі падсьвядома кіруюць такія ж самыя жывёльныя інстынкты як і ў астатніх жывёл. як чарговы доказ – спасылка на гэтым сайце ў артыкуле “Святые псіхопаты” на дакументальны фільм, у якім добра паказваецца, як менавіта жывёльныя, падсьвядомыя механізмы забараняюць чалавеку забіваць адзін аднаго.
          на мой суб’ектыўны погляд Гітлер часта выкарыстоўваў менавіта такія самыя падсьвядомыя механізмы, каб кансалідаваць нацыю, што ў выніку прывяло яе да ўзвышэньня. але неразумнае выкарыстаньне той жывёлы, якая жыве ў нас, у выніку ператварыла нацыянальны стваральны праект Гітлера ў зьнішчальны нацысцкі.

        • Несцераў

          Вы пэўна памятаеце з дзяцінства, як хадзілі двор на двор біцца, а калі не біцца, дык хаця б гуляць у футбол? Якая няпрыязь была ў юнакоў адзін да аднаго толькі таму што яны з розных дамоў ці школ? У маім дзяцінстве мы ўспрымалі чужаватымі нават дзяцей з суседняга пад’езду. Тое самае датычыць шырэйшага маштабу – узроўню краін. Таму з’ява нацыяналізму вельмі натуральная.

    • Несцераў

      Пасаваць кіруе давальным склонам, без прыназоўніка.
      Спіс – зборны назоўнік, таму ў родным склоне спісу, а не спіса.

      Вучыцель. 🙂

      • f k

        наконт спіс(к)а, РБС і ТСБМ галасуюць за -а 🙂 а вот з крэдытам я памыліўся, а вы нават і не заўважылі 🙂 бо правіла і слоўнікі не заўсёды пагаджаюцца адно з адным.
        дзела не ў мове, разумееце, а ў стварэнні адпаведных іміджаў.

        паспрабую яшчэ раз патлумачыць. калі б у ФРГ нехта, пішучы як у галаву ўспадзе, паспрабваў патэтычна заклікаць суайчыннікаў ратаваць нямецкую мову ад інвазій англіцызмаў ці нямецкую культуру ад ісламізацыі – гэта выклікала б толькі іронію. а ў нас гэта чамусьці выклікае толькі рэакцыі “ой, ну чалавек толькі пачынае”. тады і маем няздарных палітыкаў, некампетэнтных гісторыкаў, убогіх публіцыстаў-каментатараў. блін, пра гэта ўжо столькі напісана (у таго ж Д. Жукоўскага), дзіва нейкае, што дагэтуль трэба гэта жаваць і жаваць.

        • Несцераў

          Такія заклікі могуць гучаць у любой краіне і на граматнай, і на не зусім граматнай мове. Залежыць ад таго, хто стварае месыдж. Высокі працэнт наяўнасці прафанаў у любой сферы сведчыць не пра нейкую беларускую спецыфіку, а адно пра адсутнасць сякой-такой канкурэнцыі, таму што толькі натуральны адбор можа адсеяць няздараў. Кепскія палітыкі? Але ж іншых у нас нямашака. Станьце лепшым у сваёй сферы і вядзіце за сабой астатніх. Гэта адзіны спосаб вырашэння праблемы. Ну, а наконт патэтыкі, дык гэта хутчэй спецыфіка фармату ўсяго сайта. Гэта не платформа для глыбокага аналізу і навуковай спрэчкі.

          • f k

            праблема не ўпатэтыцы самой праз сябе, а ў тым, што патэтыка бывае якасная, бывае абы-якая, і канкурэнцыя ўзнікае не з паветра. мне здаецца, што, практыкуючы такі расісцка-паблажлівы падыход (ну, мы ж у Беларусі, хіба нам спадзявацца, што нехта ў нас здатны вывучыць бел. мову і пад.), мы ніяк не спрыяем развіццю сітуацыі ў нейкім дадатным кірунку. штурханне ў бок выходзіць (як у той показцы, наперад розуму не хапае, назад начальства не дазваляе, от і штурхаю ў бок). і, я ў гэтым больш як упэўнены, стандарты высокай якасці можна дастасоўваць і да ўсяго таго, што адбываецца ў краіне-браначцы. хіба ад маіх каментаў людзі перстануць пісаць кепскія тэксты? не перастануць, але прагматыка крытыкі палягае ў іншым, то-бок эфект крытыкі інакш рэалізуецца. я, напрыклад, вельмі хацеў бы, каб мае публікацыі людзі чыталі і крытыкавалі, бо я не бачу для сябе іншых больш эфектыўных магчымасцяў росту, чым крытычны погляд звонку. у нас жа, выходзіць, дастаткова першаму-лепшаму звярнуць увагу на кволую і занядбаную бел. мову – і яму на розны лад пяюць славу, вялікі подзвіг, непаўторна і г.д. найлепш гэта відаць у літаратуры, пра што добра пісаў памянёны мной Жукоўскі – як патраплю знайсці, працытую.
            усё астатняе – не ў тэму. прыкрывацца логікай “мы тут, не прыкладаючы ніякіх намаганняў, адродзім бел. мову і пабудуем у Беларусі чырвоную Данію, а вы нам са сваім правапісам не замінайце”, смешна. працуючы абы-як, хрэна з два што пабудуеш. не ўмеючы рэагаваць на крытыку – тое самае.
            усё вышэйпададзенае, ясная рэч, ужо не тычыцца канкрэтна аўтара гэтага тэксту ці дадзенага ўтульнага бложыка, гэта важная, я б сказаў, ключавая праблема беларускай культуры (у самым шырокім значэнні гэтага слова).

          • Несцераў

            Мне здаецца ў вашых тэкстах бракуе фокусу. Я прачытаў каментарый некалькі разоў, але так і не зразумеў кірунку думкі. Ну так, пяюць асаны таму ж Марціновічу, хоць ён вельмі слабы пісьменнік. Але я ўжо патлумачыў вышэй чаму так адбываецца. Тое самае было б у любой іншай краіне. Адсутнасць канкурэнцыі прыводзіць да дэгенерацыі. Ну, а хтосьці цешыцца і з такога эрзаца. Усіх дырэктывай прэзідэнта якасна працаваць не прымусіш. Адсутнасць канкурэнцыі нараджае Вартбург, наяўнасць капіталістычнай канкурэнцыі нараджае Мерседэс. Звярніце ўвагу, што і там, і там распрацоўкай займаліся этнічныя немцы.

            P. S. Пра расізм не зразумеў. У Беларусі здаецца пераважная часць еўрапеоідаў.

          • f k

            што да расізму – гэта метафара 🙂 маю на ўвазе проста такое стаўленне: “вот, мы ж у Беларусі…”, і далей могуць быць выказванні рознага кшталту – ад пазітыўных (таму давайце хваліць Марціновіча, ён жа так стараецца) і да негатыўных (нават не буду разгортваць Марціновіча, ён жа беларускі аўтар).
            а ўсё, што я хацеў сказаць – крытыкаваць можна, і трэба. а як іначай узнікне канкурэнцыя? сфарміруецца планка якасці? і гэта тычыцца не толькі правапісу, але і яго таксама.
            не знаю, па-мойму, гэта тычыцца не вас хутчэй, а меркаванняў іншых каментатараў.

            у мяне, у прынцыпе, усё 🙂

  • дзякуй рэдактарам. малюнкі добра пасуюць па сэнсу. ))

    • 1863x

      Дзякуй за артыкул)

  • Mrs. Victoria

    Има ли в някакви финансови затруднения? Имате ли нужда от
    заем за започване на бизнес или да плащат сметките си?
    Ние предлагаме кредити на хора, които се нуждаят от помощ и ние се поддават на местните компании, международни и също при много нисък лихвен процент от 2%.
    Кандидатствайте сега чрез имейл:
    Благодаря
    Благодаря и Бог да благослови
    Г-жа Виктория