Нацыяналізм – гэта адно з тых супярэчлівых адкрыцьцяў ХІХ стагодзьдзя, ацэнкі якога па сёньняшні дзень адрозьніваюцца супрацьлегласьцю і нявызначанасьцю. З аднаго боку, менавіта пад сьцягам нацыяналізму вялікая колькасьць краін здолела вызваліцца з-пад прыгнёту наднацыянальных імперый, якія пагражалі падпарадкаваным народам уніфікацыяй іх мовы і культуры з паступовым зьвядзеньнем усёй іх культурнай разнастайнасьці да нейкага адзінага ўзору дамінуючага ў імперыі этнасу. Але, зь іншага боку, некаторыя краіны захапіліся нацыяналізмам настолькі, што ён у іх пачаў прымаць пагрозьлівыя гіпертрафаваныя формы. Прыклад нацысцкай Нямеччыны ў гэтым шэрагу самы яскравы, але далёка не адзіны.
Што ж гэта за з’ява такая супярэчлівая, якая адначасова “і лечыць, і калечыць”? Паспрабуем зразумець гэта праз больш дэталёвы разбор таго, што менавіта робіць гэты самы нацыяналізм у нашым грамадзтве. Ці, калі больш дакладна, што мы робім самі з сабой зь яго дапамогай. Спачатку паспрабуем знайсьці вытокі нацыяналізма.
Слова “нацыяналізм” узьнікла ад слова “нацыя”. Нацыя – гэта (ад лац. natio – племя, народ) сацыяльна-эканамічная, культурна-палітычная і духоўная супольнасьць індустрыяльнай эпохі. Першымі сучаснымі нацыямі, па сьцьвярджэньні класіка дасьледаваньня нацыяналізму Бенедыкта Андэрсана, былі лацінаамерыканскія, якія сфармаваліся ў ходзе барацьбы супраць іспанскай кароны, за якімі зь невялікім адрывам рушылі ўсьлед ЗША і затым Францыя.
Упершыню разуменьне нацыя ў яго палітычным значэньні з’явілася менавіта падчас Вялікай Французкай рэвалюцыі, калі паўстала неабходнасьць сфармаваць нейкую агульнасьць наўзамен страчанага “падданства французскай кароне”. Раней 1750 выявіць зародкі нацыяналізму ўжо вельмі складана, нацыяналізм – феномен Новага часу. У 1800-я гады паўстаў нямецкі нацыяналізм, затым рушылі ўсьлед нацыяналізм Грэцыі і скандынаўскіх краін (1810-20 гады), італьянскі нацыяналізм (1830-я гады), у 1850-1900 гадах нацыяналізм распаўсюдзіўся на краіны Усходняй Еўропы і ў Індыю, а ў пачатку 20 ст. – у краіны Азіі і Афрыкі. Самымі гістарычна маладымі нацыямі сталі нацыі в’етнамцаў і камбаджыйцаў – іх нараджэньне прыйшлося на 1930-50 гады.Такім чынам, ідэалогія нацыяналізму ў адным са сваіх асьпектаў заключаецца ў адасабленьні і вылучэньні асобнай нацыі з агульнай колькасьці народнасцяў, якія пражывалі да ўзнікненьня нацыі на пэўнай тэрыторыі. Пасля адасабленьня нацыі парадыгма нацыяналізму пачынае працаваць на станаўленьне, абарону і ўмацаваньне сваёй нацыі (пар. станаўленьне большасьці славянскіх нацый падчас распаду Аўстра-Вугорскай імперыі).
Але ці значыць гэта, што да эпохі Новага часу ніякія іншыя этнасы не імкнуліся абараніць і ўмацаваць сваё становішча сярод іншых? У такіх вялікіх маштабах як сёньня, канешна, не. Але ў больш дробных этнічных супольнасьцях мы можам знайсьці нешта падобнае. Хаця ў такіх выпадках казаць аб нацыяналізме нельга ні ў якім разе. Тут самы паказальны прыклад – старажытнагрэцкія полісы. Калі выключыць з дэфініцыі разуменьня слова “нацыя” індустрыяльную эпоху, то ўсё астатняе цудоўна пасуе сярэднестатыстычнаму жыхару старажытных Афін, або іншага суседняга горада. Жыхары аднаго горада вельмі шчыльна адчувалі паміж сабой як сацыяльна-эканамічныя, так і культурна-палітычныя, і духоўныя сувязі, якія ператваралі іх усіх у адзіную супольнасьць горада-дзяржавы.
Чым, так мовіць, нацыяналізм старажытных грэкаў адрозьніваўся ад сучаснага нацыяналізму? Па вялікаму рахунку толькі арэалам свайго распаўсюджваньня. Які, у сваю чаргу, залежыць менавіта ад тэхналагічнага разьвіцьця дадзенай супольнасьці. Тут трэба заўважыць такую акалічнасьць – выключна палітычная падпарадкаванасьць ня можа стварыць з падпарадкаваных этнасаў нацыю так хутка, як гэта робіць тэхналагічна-інфармацыйная ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасьць. Узгадаем усе велізарныя імперыі старажытнасьці. Як бы доўга яны не існавалі, але палітычна дамінуючыя этнасы ў іх так і ня здолелі з усіх народаў стварыць нейкую адзіную нацыю.
Таму так званы старажытны “нацыяналізм” заўсёды быў абмежаваны толькі невялікай тэрыторыяй канкрэтнага этнасу, межы якой дазвалялі насельніцтву быць цесна зьнітаваным паміж сабой эканамічна і інфармацыйна. Ва ўсіх астатніх сваіх дзеяньнях старажытныя “нацыі” паўтаралі тое ж самае, што і цяперашнія, агульнапрынятыя нацыі: станаўленьне, абарона і ўмацаваньне. Прычым, гэта ўласьціва ўсім старажытным супольнасьцям, ад самага дробнага племені, да высокаразьвітых народаў, якія нават здолелі стварыць свае імперыі.
Таму, мы можам дэфінаваць, што, такая грамадзкая з’ява як нацыяналізм, была заўсёды ўласьціва чалавецтву. А тэхналагічнае разьвіцьцё толькі надало гэтай з’яве ўжо надэтнічны, планетарны характар. Як прыклад – амерыканская нацыя, якая ня мае свайго дакладнага этнічнага базіса і збольшага складаецца з прадстаўнікоў самых разных этнасаў, але сам алгарытм разьвіцьця нацыі застаецца той самы: станаўленьне, абарона і ўмацаваньне. Наколькі ж глыбока ў сутнасьць чалавека ўходзіць гэтая з’ява? Падаецца, што глыбей, чым гэта можа нам падацца з цяперашняга нашага ўзроўню культурнага разьвіцьця. І для параўнаньня зірнем на навакольны сьвет. У прыватнасьці – на тых жывёл, якія жывуць у супольнасьці.
Як бы гэта не здавалася дзіўным, але, для выжываньня якой-небудзь жывёльнай супольнасьці, яе ўдзельнікам трэба выконваць той жа самы алгарытм дзеяньняў. Гэтым жывёлам трэба спачатку аб’яднацца, стварыць сваю супольнасьць – станаўленьне. Умець дапамагчы адзін аднаму абараніцца ад самых розных небясьпечных зьнешніх з’яў – абарона. Асваеньне магчыма большых арэалаў пражываньня, каб забясьпечыць неабходнымі сродкамі для жыцьця і сябе і сваіх нашчадкаў – умацаваньне.
Як бачна, паводзіны жывёл дакладна паўтараюць тыя працэсы, якія адбываюцца падчас станаўленьня нацыі. Праўда, назваць гэта жывёльным “нацыяналізмам” будзе, мякка кажучы, недарэчна, бо з жыцьця жывёл выпадаюць такія выключна чалавечыя фактары як культура, эканоміка, духоўнасьць. Але, тым ня менш, сам працэс разьвіцьця супольнасьці, ці то жывёльнай зграі, ці то чалавечай нацыі, атрымліваецца аднолькавым.
І калі мы ўважліва зірнем на разьвіцьцё чалавечай нацыі, але, умоўна кажучы, ужо з боку зграі жывёл, то пабачым усё тое ж самае. Які-небудзь актыўны, пасіянарны этнас спачатку вылучае сваю самаідэнтычнасьць сярод сваіх суседзяў, а пасьля спрабуе пашырыць тэрыторыю свайго існаваньня, падмінаючы пад сябе слабейшых і баронячыся ад мацнейшых. Нічога прынцыпова адрознага ад таго, што мы можам убачыць сярод жывёл. Таму можна зрабіць наступную выснову, што, па сваёй сутнасьці, нацыяналізм – гэта тая ж самая барацьба за выжываньне, заснаваная на жывёльным інстынкце самазахаваньня і падмацаваная тэхналагічным прагрэсам абумоўленым чалавечым розумам.
Гучыць нават крыху зьбянтэжваючы. Атрымліваецца, што нацыяналізм – гэта жывёльны інстынкт. Але пужацца няма чаго. Ніколі нельга забывацца на тое, што чалавек – гэта істота дуалістычная. І акрамя сваёй духоўнай, разумовай сферы, чалавек яшчэ фізіялагічна карыстаецца тымі ж самымі інстынктыўнымі механізмамі, што і астатнія жывёлы вакол нас. Гэта цалкам нармальна. Іншая справа, што такое, здавалася б на першы погляд, ідэалістычнае разуменьне як “нацыяналізм” (і блізкі да яго “патрыятызм”), на самой справе з’яўляецца такім жа самым фізіялагічным інстынктам, як і многія іншыя. Падобна на тое, што нацыяналізм, як бы выказаўся ў свой час доктар З. Фройд, сублімаваўся з інстынктыўна-жывёльнага ўзроўню ў тэарэтычна-ідэалістычны.
Можа ўзьнікнуць пытаньне, як у такім выпадку нам ставіцца да нацыяналізму, калі на самой справе ён з’яўляецца такой жа самай жывёльнай патрэбай нашага арганізму як ежа, сон, сэкс, бясьпека і г.д.? Адказ адназначны: гэтак жа сама як і да ўсіх астатніх нашых жывёльных патрэб. Ні ў якім разе не ігнараваць, але і без фанатызму.
Калі мы ўвогуле адмовімся ад нацыяналізму, то гэта прывядзе да таго, што ў выніку мы згубім арэал свайго пражываньня, сваю мову, сваю нацыянальную самаідэнтычнасьць. І пасьля гэтага зьнікненьне нашага этнасу – гэта толькі пытаньне часу. Каб гэта не здавалася нечым далёкім, то трэба заўважыць, што гэты працэс ужо ідзе. Арэал свайго распаўсюджваньня мы ў значнай ступені згубілі (Беласток, Вільня, Дзьвінск, Смаленск). Нашая мова таксама балансуе на мяжы зьнікненьня. І як вынік частага негатыўнага ўздзеяньня звонку і памылковай унутранай палітыкі, нашая нацыянальная самаідэнтычнасьць таксама знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Як доказ – фенаменальная абыякавасьць пераважнай большасьці беларускага насельніцтва да лёсу сваёй краіны. Ня трэба будзе надта зьдзіўляцца, калі пры спробе інкарпарацыі нашай дзяржавы якой-небудзь іншай, беларускае насельніцтва ў сваёй большасьці прапусьціць гэтую падзею міма сябе – абы асабіста яго не чапалі.
Спосабы зьнішчэньня этнасу могуць быць рознымі: фізічны, духоўны і камбінаваны. Духоўны спосаб зьнішчэньня беларускага этнасу збольшага выкарыстоўвалі палякі, у выглядзе паланізацыі. Спачатку спантанай паланізацыі, у 18 ст., а пасьля мэтанакіраванай у міжваенны час 20-га ст. Фізічны спосаб зьнішчэньня нашага этнасу выкарыстоўвалі спантанным чынам расейцы, падчас 13-гадовай вайны ў 17 ст., і мэтанакіравана немцы, падчас 2-й Сусьветнай вайны. Камбінавана, фізічна-духоўна, беларускі этнас зьнішчалі нашыя расейскія суседзі ў 19 і асабліва ў 20 стст.
Усе гэтыя намаганьні – рэгулярнае фізічнае зьнішчэньне інтэлектуальнай эліты і найбольш вытворчых чалавечых рэсурсаў, каланіяльны культурны ціск на мясцовую культуру з адначасовым насаджэньнем сваёй – далі свой плён. У выніку зь беларускага этнасу так і ня здолела стварыцца нацыя. Паводле Бенедыкта Андэрсана гістарычна самымі маладымі нацыямі сталі в’етнамцы і камбаджыйцы. Але ў нас ёсьць усе шансы абыйсьці іх па маладосьці. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі мы ўсё ж такі здолеем стаць нацыяй. Бо ў сёньняшняй гістарычнай сітуацыі гэта досыць складана. У сувязі з тым, што цяперашняя каланіяльная экспансія магутных дзяржаў часьцей ідзе па больш вытанчанай схеме, чым ранейшая прымітыўная ўзброеная інтэрвенцыя. У сёньняшнім высокатэхналагічным сьвеце, каб падпарадкаваць сабе суседнюю, слабейшую краіну, дастаткова зрабіць яе эканамічна залежнай. Калі ўдасца гэта зрабіць, то, выкарыстоўваючы эканамічныя механізмы лёгка перацягваць да сябе мясцовую інтэлектуальную эліту (т.зв. “выпампоўка мазгоў”). Такім чынам этнас эканамічна залежнай дзяржавы застаецца без таго жыцьцёва неабходнага слоя інтэлігенцыі, які можа духоўна абгрунтаваць і зафіксаваць народжаную нацыю.
У сваю ж чаргу дзяржавы-каланізатары, зноў-такі, выкарыстоўваючы эканамічныя механізмы, пачынаюць актыўна экспартаваць у свае эканамічна залежныя калоніі сваю культуру. Пры гэтым, пры канкурэнцыі культур, у масавую сьвядомасьць насаджваецца прынцып, што менавіта тая культура найбольш вартая, у якую ўкладзена больш грошай. (Як прыклад, знакамітая поп-музыка, якая пры мінімальных мастацкіх і духоўных якасьцях становіцца “шэдэўрам” у сучасным грамадзтве. Менавіта з-за таго, што яе кошт штучным чынам узьняты неверагодна высока дзякуючы пануючым у нашым жыцьці мас-медыя.)
Адпаведна, калі эканамічна залежная краіна ня можа ўкласьці ў сваю культуру столькі грошай, значыць і яе культура з’яўляецца непаўнавартаснай. Пры гэтым на яе фактычную духоўна-мастацкую каштоўнасьць адмыслова ніхто не зьвяртае ўвагі. І няма нікога, хто мог бы даказаць зваротнае, бо амаль ўся мясцовая этнічная інтэлігенцыя ўжо эмігравала ў багацейшыя краіны. Далей наступае лагічная разьвязка. Простае насельніцтва эканамічна залежнай краіны, ня маючы дастатковай альтэрнатывы з боку сваёй этнічнай культуры, паступова пачынае выкарыстоўваць тую культуру, якую ім экспартуе разам са сваімі таварамі пануючая над іх краінай эканамічна-фінансавая метраполія. Паступова пераймаюцца, чужыя звычкі, сьвяты, паводзіны, творы мастацтва, мова. А чужая мова, як ужо была зазначана ў ранейшым артыкуле, праз семантычныя ланцужкі (ужо на фізіялагічным узроўні!!!) стварае чужы менталітэт. І так ціха, спакойна, без усякай страляніны, эканамічна залежны этнас ператвараецца ў той, ад якога ён залежыць. А дзяржаўныя межы на палітычнай мапе толькі на гэтай мапе і застаюцца.
Адзінае, што некаторы час здольна яшчэ адрозьніваць этнас ад іншых – генэтыка. Але адна яна сама па сабе ня здольная нешта зьмяніць, бо пры моцным культурным і эканамічным узьдзеяньні людзі хутка перастаюць зьвяртаць на яе ўвагу. Найлепшы прыклад – ЗША, дзе людзі самых розных этнасаў сьвядома лічаць сябе самымі сапраўднымі амерыканцамі, поўнасьцю ігнаруючы тое, якое генэтычнае паходжаньне яны маюць. І менавіта ЗША сталі першай імперыяй новага тыпу, якая пачала падпарадкоўваць астатнія краіны ня толькі зброяй, але і эканамічна, паступова павялічваючы ў сваіх эканамічных калоніях свой культурны ўплыў, і тым самым робіць мясцовае насельніцтва падобным на сябе. Зразумела, што ў такім выпадку каланіяльнаму народу спадзявацца на з’яўленьне сваёй нацыі на базе мясцовага этнасу не выпадае. Па такому ж шляху эканамічнай экспансіі паспрабавалі пайсьці некаторыя еўрапейскія краіны, але ў сілу розных прычын дасягнуць такіх посьпехаў як ЗША яны ня здолелі.
Адзіная краіна, якая на сёньняшні дзень можа скласьці канкурэнцыю ЗША ў стварэньні эканамічна-культурнай імперыі – гэта Расея. Спачатку Расея пачала складвацца як звычайная класічная імперыя, заваёўваючы свае новыя каланіяльныя ўладаньні зброяй. Але 20 стагодзьдзе ўнесла свае карэктывы – са з’яўленьнем зброі масавага паражэньня грубая заваёўніцкая палітыка стала небясьпечнай для саміх агрэсараў. Трэба было шукаць новыя метады. Таму, пасьля таго як Расейская імперыя скончыла свой эксперымент з пабудаваньнем камунізма, яна перайшла на выкарыстаньне ўжо абкатанага ЗША спосабу пабудаваньня імперый новага тыпу. І на сёньняшні дзень выразна бачна як Расея імкнецца праз энэргетычныя рэсурсы падпарадкаваць сабе эканомікі сваіх суседзяў. Плюс да таго ў Расеі ёсьць добры бонус у выглядзе панаваньня над суседзямі на працягу 18-20 стст., падчас якога Расея пасьпела асіміляваць шматлікія мясцовыя этнасы на заваяваных тэрыторыях, у выніку чаго многія зь іх ужо зьніклі. А ў суседніх дзяржавах Расея пасьпела многа дзе ўкараніць сваю культуру. Не паўсюль гэта атрымалася пасьпяхова, але ў выпадку Беларусі вынікі ёсьць. Праўда, адсутнасьць такой эканамічнай магутнасці як у ЗША не дазваляе Расеі заўсёды пасьпяхова дасягаць сваіх мэтаў і таму час ад часу даводзіцца выкарыстоўваць старыя метады стварэньня сваёй імперыі гвалтоўным чынам. Як прыклад – дзьве вайны ў Чачні і сёньняшняя вайна ва Украіне.
І Беларусь таксама не засталася ў баку ад імперскіх інтарэсаў Расеі. Падчас упартых намаганьняў, на працягу стагодзьдзяў палітычна і эканамічна інкарпараваць нашу краіну, наш усходні сусед здолеў амаль цалкам насадзіць нам сваю мову і моцна зьмяніў наш сьветапогляд, з-за чаго большасьць мясцовага насельніцтва часта атаясамліваюць сябе з этнічна, гістарычна і культурна чужымі для нас расейцамі. А такая ментальная метамарфоза можа прывесьці да таго, што мы, зусім нядаўна стаўшы самастойнымі, зноў можам трапіць у поўную залежнасьць да нашага ўсходняга суседа. Толькі на гэты раз, з трансфармаванай народнай ментальнасьцю, ужо без супраціўленьня. Да чаго гэта можа прывесьці нас у будучыні? Мы можам падзяліць лёс раней заваяваных і асіміляваных Расеяй народаў – існуючы некаторы час этнічна беларусамі, адначасова ментальна поўнасьцю ператварыцца ў расейцаў. Вобразна кажучы, мы будзем некаторы час як этнас-“франкенштайн” – фізічнае цела ёсьць, жыве, а душы няма. Але толькі некаторы час, бо паступова ў вялізным імперскім этнічным “плавільным катле” і этнічная самаідэнтычнасьць растварыцца сярод вялікай колькасьці такіх жа самых асіміляваных “рускіх” этнасаў. І тады можна будзе з поўнай упэўненасьцю канстатаваць сьмерць нашага народу, і духоўную, і фізічную.
І вось менавіта ў такі сьмяротна небясьпечны момант можа праявіцца ў народзе інстынкт самазахаваньня, як і ў любым жывым стварэньні, якое змагаецца за сваё жыцьцё. Зразумела, што ў этнасе інстынкт самазахаваньня выглядае інакш, чым у звычайнага чалавека. У чалавека – гэта выпрацоўка вялікай колькасьці адрэналіну. У народа – хуткае распаўсюджваньне нацыяналізма. З’явы розныя, але іх аб’ядноўвае адно – фізіялагічны інстынкт самазахаваньня свайго жыцьця. Адрозьніваецца і механізм дзеяньня. У чалавека пры ўзьдзеяньні адрэналіну імкліва павышаюцца ўсе дадзеныя яму прыродай фізіялагічныя магчымасьці, якія на працягу жыцьця стрымліваюцца яго падсьвядомасьцю, каб не перагружаць арганізм чалавека. Але пры сьмяротнай небяспецы, пры ўзьдзеяньні адрэналіну ўсе патэнцыйныя здольнасьці чалавека вызваляюцца з пад кантролю падсьвядомасьці і чалавек можа вырабляць такія рэчы, якія ў нармальным стане ніколі ня здолеў бы зрабіць.
Працэс самавыратаваньня народу з дапамогай нацыяналізму выглядае крыху інакш. У адрозьненьні ад аднаго чалавека, у цэлым народзе моцна актывізуюцца не фізіялагічныя, а духоўныя механізмы самазахаваньня. Людзі пачынаюць усё больш увагі надаваць сваёй этнічнай духоўнай існасьці. Нават, калі іх этнічная культура не з’яўляецца камерцыйна прыбытковай у параўнаньні з культурай эканамічна мацнейшых суседзяў. Галоўным пунктам намаганьняў пры захаваньні сваёй культуры з’яўляецца мова этнасу. Бо менавіта мова з’яўляецца тым самым унікальным этнічным інфармацыйным кодам, з дапамогай якога этнас можа стварыць усю сваю культуру, і духоўную, і матэрыяльную. А гэта этнічная аўтэнтычная культура, у сваю чаргу, дазваляе народу пасьпяхова вылучаць сябе сярод усіх суседніх культур і дае базу для тэарэтычнага абгрунтаваньня і практычнага стварэньня на сваёй этнічнай тэрыторыі трывалай этнічнай супольнасьці – нацыянальнай дзяржавы. І тым самым этнас захоўвае сваё існаваньне.
Спецыфіка жывёльнага інстынкту самазахаваньня ў тым, што, калі яго няма ўвогуле, то, ці чалавек, ці этнас, аднолькава асуджаныя на сьмерць праз нядоўгі час. Але калі гэты інстынкт будзе актывізаваны занадта доўга, то гэта таксама можа прывесьці да негатыўных вынікаў. Чалавек пад пастаянным узьдзеяньнем адрэналіну проста “перагарыць” знутры. А пастаяннае ўзьдзяньне нацыяналізму на этнас рызыкуе незаўважна ператварыцца ў нацызм, які аднолькава можа зьнішчыць ня толькі сам этнас, але і яго суседзяў. Бо нельга забываць, што духоўнае ўзмацненьне этнасу нацыяналізмам накіравана дзеля чыста фізічнага яго выжываньня. Якое, у сваю чаргу, з’яўляецца вельмі падобным на тое, што мы можам назіраць сярод дзікіх жывёл, пра што ўжо было сказана вышэй. Таму абуджаць этнічны жывёльны інстынкт самазахаваньня з дапамогай нацыяналізму трэба толькі ў небясьпечны момант існаваньня народу, калі зьнікае яго мова, яго культура, а значыць праз кароткі час можа зьнікнуць і сам народ. Але пры гэтым трэба быць вельмі ўважлівым і асьцярожным, каб не згубіць кантроль над тым “зьверам”, якога трэба абудзіць у народзе, каб выратаваць гэты народ ад зьнікненьня.
Наколькі нацыяналізм на сёньняшні дзень неабходны для беларусаў? З улікам таго, што да сёньняшняга дня беларусы цалкам яшчэ не ўсьвядомілі сябе нейкай адзінай, самастойнай і арыгінальнай этнічнай супольнасьцю, можна рабіць выснову, што беларуская нацыя дагэтуль яшчэ не аформілася. Беларуская мова збольшага выкарыстоўваецца толькі нешматлікімі аматарамі-энтузіястамі, са штодзённага побыту шэраговага беларуса яна амаль цалкам выключана. Беларуская культура актыўна запазычвае розныя ўзоры як з Захаду, так і з Расеі. Прытым, што свая, аўтэнтычная культура, зноў такі ледзь ліпее дзякуючы тым жа самым нешматлікім беларускім ідэалістам.
Калі ўсё гэта падсумаваць, то выяўна бачна блізкая перспектыва зьнікненьня беларусаў як этнасу. А гэта значыць, што калі мы хочам чыста фізічна выжыць, то нам трэба тэрмінова распачынаць у дзяржаве палітыку нацыяналізма. Безумоўна, гэта трэба рабіць асьцярожна, каб выпадкова не перагнуць палку. Але марудзіць ні ў якім разе нельга, калі ня хочам вымерці як дыназаўры.
Аўтар — Belariy
Записи
— Финансовый отчёт по Дню Воли 2019 и БНР101! — Угроза Кремля, разгул шляхты, проблемы с законом - о чем писали «политологи» ВКЛ — Люблинская уния. Как создавалось «Союзное государство» Беларуси и... Польши — 7 часов, 70 согнанных военных и голосование по указке - как большевики провозгласили ССРБ — Что мы делали в 2018 году?